Стала вядомая дата новага раўнду перамоваў ЗША і РФ
3- 8.04.2025, 21:37
- 4,102

Перамовы пройдуць у Стамбуле.
Новая сустрэча паміж прадстаўнікамі ЗША і Расеі запланаваная на 10 красавіка, перамовы пройдуць у Стамбуле, паведамілі крыніцы «РІА Навіны» і ТАСС.
Раней МЗС РФ анансавала, што сустрэча будзе прысвечаная нармалізацыі працы амбасадаў дзвюх краінаў. Узначальваць расейскую дэлегацыю будзе амбасадар у ЗША Аляксандр Дарчыеў, амерыканскую – намеснік памочніка дзяржсакратара ў пытаннях Расеі і Цэнтральнай Еўропы Саната Коўлтэр.
Мірнае ўрэгуляванне вайны ва Украіне не стаіць на парадку перамоваў РФ і ЗША ў Стамбуле. Пра гэта ў аўторак на брыфінгу заявіла афіцыйная прадстаўніца Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус.
«На парадку дня няма пытанняў палітыкі або бяспекі, і Украіна не стаіць – абсалютна не стаіць – на парадку дня», – сказала Брус. «Гэтыя перамовы датычацца выключна дзейнасці нашай амбасады», – адзначыла яна.
Першая сустрэча ў Стамбуле праходзіла 27 лютага. Тады бакі таксама прадстаўлялі Дарчыеў і Коўлтар. На гэтых перамовах абмяркоўвалася забеспячэнне бесперашкоднага фінансавання дыпмісій, стварэнне ўмоваў для працы дыпламатаў, вяртанне Расеі шасці аб'ектаў нерухомасці ў ЗША, незаконна канфіскаваных у 2016–2018 гадах. Акрамя таго, Масква прапанавала Вашынгтону разгледзець магчымасць аднаўлення прамых авіязносінаў.