Le Monde: Дэфіцыт бульбы выклікае незадаволенасць у Беларусі
29- 11.05.2025, 18:54
- 17,632

Нават французы заклапочаныя.
У Беларусі ўзнік сур'ёзны дэфіцыт бульбы — прадукту, які мае для краіны амаль сімвалічнае значэнне. Як піша французскае выданне Le Monde, прычына палягае ў дзяржаўным рэгуляванні цэн, якое робіць продаж бульбы ўнутры краіны невыгодным. Вытворцы масава экспартуюць ураджай у Расею, дзе цэны значна вышэйшыя.
У апошнія месяцы беларусы скардзяцца, што не могуць знайсці бульбу ў крамах, хаця гэта агародніна з'яўляецца асноўнай у штодзённым рацыёне. З пачатку года кошты выраслі на 10% і дасягнулі 5 беларускіх рублёў за кілаграм (блізу 1,36 еўра). Якасць даступнай бульбы пры гэтым нізкая — яна дробная, пашкоджаная, часта сапсаваная.
Праблема выклікае асаблівы рэзананс, бо бульба ў Беларусі ўважаецца за частку нацыянальнай ідэнтычнасці. У 2015 годзе сам Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, здымаўся на відэа падчас збору ўраджаю.
Недахоп выклікаў такое абурэнне, што Лукашэнка згадаў бульбу публічна перад візітам у Маскву на парад. Ён заявіў, што прычына - масавы экспарт у Расею, і паскардзіўся, што грамадзяне хочуць набываць танную бульбу, у той час як фермеры імкнуцца да больш высокай цаны, каб мець магчымасць набыць угнаенні і хутчэй саджаць.
Аналітыкі мяркуюць, што галоўная прычына праблемы - фіксаваныя дзяржавай цэны. Згодна з указам, рост кошту бульбы не можа перавышаць 3% на год, аднак гэта не адпавядае рэальнасці: даражэе ўсё - насенне, паліва, угнаенні, растуць і заробкі. Вытворцам нявыгадна прадаваць гародніну на ўнутраным рынку, таму яны арыентуюцца на экспарт у РФ, дзе кошт амаль удвая вышэйшы.
У 2024 годзе Беларусь стала найбуйнейшым экспарцёрам бульбы ў Расею. Паводле інфармацыі ААН-платформы Comtrade, аб'ёмы паставак выраслі больш за на 60% і дасягнулі рэкордных 170 тысяч тон.
У сакавіку беларускі ўрад увёў трохмесячны рэжым аднаразовых экспартных ліцэнзій на бульбу. Між тым у Расеі кошты гэтай гародніны таксама імкліва растуць - з пачатку года, паводоле афіцыйнай статыстыкі, амаль на 50%.
У самой Беларусі сітуацыя абвастраецца. У лютым Лукашэнка публічна раскрытыкаваў чыноўнікаў за тое, што тыя не змаглі спыніць падаражанне бульбы. «Вы гэтага не зрабілі - будзеце адказваць», - заявіў ён. Таксама ён выказаў абурэнне, што краіна не змагла забяспечыць захоўванне ўраджаю, хаця раней даваў адпаведныя ўказанні.
Грамадзяне масава скардзяцца на недахоп і дрэнную якасць бульбы. Лукашэнка заклікаў «ператрываць» і паабяцаў, што сітуацыя неўзабаве зменіцца. «Мы вытрымаем месяц. Але без бульбы не застанемся», - запэўніў ён.