У Даніі хочуць фундаваць сотні мільёнаў еўраў у новыя ядзерныя тэхналогіі
10- 14.05.2025, 16:23
- 2,136

Капенгаген можа скасаваць 40-гадовую забарону на ядзерную энэргетыку.
Капенгаген можа скасаваць 40-гадовую забарону на ядзерную энэргетыку, уведзеную ў 1985 годзе. Урад Даніі аналізуе перавагі і рызыкі выкарыстання малых модульных рэактараў (SMR) у энэргетычным балансе краіны, піша Financial Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Міністр клімату, энэргетыкі і камунальных паслуг Ларс Огаард паведаміў газеце Politiken, што кіроўная кааліцыя мае намер вывучыць патэнцыял сучасных ядзерных тэхналогій. «Недастаткова толькі перспектыў - трэба разумець, што гэта значыць для дацкага грамадства», - адзначыў ён.
Малыя модульныя рэактары выклікаюць цікавасць інвестараў па ўсім свеце. Аднак большасць такіх праектаў усё яшчэ на стадыі распрацоўкі ці ўзгаднення.
Данія, дзякуючы ветраным фермам, мае вялікую долю аднаўляльнай энэргіі, але для стабільнасці энэргасеткі выкарыстоўвае вугаль, газ і імпартуе энэргію са Швэцыі і Нарвегіі, дзе ёсць АЭС і гідраэнэргетыка.
Тым не менш, збой у электразабеспячэнні ў Гішпаніі і Партугаліі ў мінулым месяцы стаў трывожным сігналам. Чатыры апазіцыйныя правыя партыі ўжо ініцыявалі парламенцкія слуханні, патрабуючы перагляду атамнага пытання.
Былы генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн назваў забарону «недарэчнай». Ён упэўнены, што аднаўляльныя крыніцы не справяцца без устойлівай безвугляроднай базы - і гэта павінна быць ядзерная энэргія.
У сакавіку фонд, які падтрымліваецца дацкім мільярдэрам Ёахімам Антэ (заснавальнікам Unity), абвясціў аб планах сабраць €350 млн для інвестыцый у новыя ядзерныя тэхналогіі і ланцужок іх паставак. Ён ужо ўклаў €50 млн уласных сродкаў у распрацоўнікаў SMR са Швэцыі і Фінляндыі.
Калі аналіз скончыцца на карысць атамнай энэргетыкі, Данія можа стаць у адзін шэраг са Швэцыяй, Францыяй і іншымі краінамі, якія шукаюць шлях да энэргетычнай незалежнасці з дапамогай ядзерных тэхналогій новага пакалення.