У Стамбуле скончылася сустрэча паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі
53- 16.05.2025, 16:04
- 39,806

Перамовы працягваліся менш за дзве гадзіны.
У Стамбуле ў пятніцу, 16 траўня, скончылася сустрэча паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі, паведамляе Reuters. Гэта першыя публічныя перамовы з сакавіка 2022 года, калі Крэмль выставіў непрымальныя ўмовы для капітуляцыі.
Як паведамляе Sky News, на перамовах Расея выставіла патрабаванні, якія з'яўляюцца нерэалістычнымі і значна перавышаюць усё, што абмяркоўвалася раней, паведаміла ўкраінская дыпламатычная крыніца. Дарэчы, крамлёўскія пасланцы патрабавалі вывядзення ўкраінскіх войск з Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей, як умовы для спынення агню.


Расея патрабуе ад Украіны вываду войск са сваёй тэрыторыі для падпісання дамовы аб спыненні агню. Таксама расейскія патрабаванні ўключаюць і іншыя «нестандартныя» пункты.
Паводле інфармацыі крыніц украінскіх СМІ, расейская і ўкраінская дэлегацыі «ўзялі паўзу» ў перамовах у Стамбуле, яны яшчэ не скончыліся. Дэлегацыі Украіны і Расеі пакуль застаюцца ў палацы.
Тым часам расейскія СМІ таксама пішуць, што «РФ узяла паўзу ў перамовах».


Украінскі чыноўнік заявіў The Telegraph, што далейшыя перамовы з Расеяй могуць адбыцца, нягледзячы на тое, што яны не запланаваныя.
«Калі яны атрымаюць іншыя інструкцыі з Масквы, то магчыма, што сёння нешта адбудзецца», – сказала крыніца пасля заканчэння перамоў, дадаўшы, што «пакуль гэта не запланаванае».