Bloomberg: У ЗША прынялі новую пастанову наконт Расеі
8- 17.05.2025, 12:59
- 8,102

Белы дом уважае Пуціна за галоўную перашкоду на шляху да міру ва Украіне.
Злучаныя Штаты Амерыкі запэўнілі чыноўнікаў з Еўропы, што Вашынгтон гатовы ўвесці санкцыі супраць агрэсаркі Расеі, якія амерыканцы абяцалі запусціць, калі Крэмль адмовіцца ад замірэння ў вайне супраць Украіны. Пазіцыя адміністрацыі Трампа што да Масквы ўзмацняецца, некаторыя чыноўнікі мяркуюць, што Пуцін перашкаджае ўстанаўленню міру.
У матэрыяле Bloomberg гаворыцца аб тым, што еўрапейскія чыноўнікі расчараваныя пазіцыяй Трампа, які вагаецца ў пытаннях новых санкцый супраць Расеі. Трамп павінен зразумець адсутнасць у Масквы сур'ёзных планаў наконт міру, пасля чаго ЗША трэба ўжыць рашучыя захады.
Як сцвярджаюць журналісты, пазіцыя Вашынгтона ў дачыненні да РФ стала больш жорсткай: у Белым доме ўважаюць Пуціна галоўнай перашкодай на шляху да мірнага пагаднення.
Больш за тое, журналісты пішуць, што амерыканскія чыноўнікі ў рамках сустрэч з еўрапейцамі ў Турцыі на гэтым тыдні, выказалі гатоўнасць запусціць санкцыі супраць Расеі пасля таго, як Масква абвясціла аб накіраванні на перамовы дэлегацыі нізкага ўзроўню.
«Я спадзяюся, што на наступным тыдні справа зрушыцца з мёртвага пункта, бо Пуцін не змог сесці за стол перамоў. Прэзідэнт Трамп даў зразумець, што ставіцца да санкцый станоўча, нашыя еўрапейскія хаўруснікі вельмі падтрымліваюць яго, і я думаю, што момант надышоў», - падкрэсліў сенатар ад Дэмакратычнай партыі Рычард Блюменталь.