«Старшыні змушаныя саджаць нерэнтабельную бульбу, каб не пасадзілі іх саміх»
12- 17.05.2025, 13:58
- 10,042

У беларускіх крамах і налета, хутчэй за ўсё, не будзе разнастайнасці агародніны.
Што рабіць, каб накарміць усю Беларусь? Прадпрымальнік і былы чыноўнік Мікалай Лысенкаў распавёў «Филину» аб тым, у каго ёсць шанец захаваць ураджай. І чаму (незалежна ад яго аб'ёмаў) у нашых крамах і налета, хутчэй за ўсё, не будзе разнастайнасці гародніны.
«Холад жудасны. Я такога халоднага апошняга месяца вясны не прыгадаю. Быў аднойчы ў траўні снег, але ён тут жа растаў, ды і начных замаразкаў не было. А сёлета маразы на лецішчы ўначы 5-6 градусаў. Змерзлі яблыкі, грушы, слівы, вішні - натуральна, нічога гэтага не будзе», - напісала чытачка «Салідарнасці».
Анамальна халодны травень, на які беларусы масава скардзяцца ў сацсетках, сапраўды прымусіў многіх хвалявацца за лёс будучага ўраджаю. «Филину» надумаў пастукацца з гэтым пытанням да спецыяліста.
- Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства менавіта праз пагодныя варункі, - кажа Мікалай Лысенкаў. - У нас сапраўды праз надвор'е ўзнікаюць вялікія рызыкі.
Але гэтыя кліматычныя ўмовы не наступілі раптоўна, яны прыкладна такія заўсёды. Аднак пры гэтым наша сельская гаспадарка дагэтуль не адаптаваная для таго, каб пазбягаць гэтых рызык.
А нашы ж суседзі – палякі і літоўцы – давялі, што гэта цалкам магчыма.
Ды і ў Беларусі ніводны фермер не дапусціць, каб у яго змерзла бульба. Нават калі той высаджана 100 га, ён будзе змагацца і з замаразкамі на сваіх палетках, і падчас засухі будзе паліваць.
А беларускі калгас, у якога дзясяткі тысяч гектараў, не будзе ратаваць, магчыма, пераарэ і пасадзіць новае. Не вырасце, дык не вырасце.
Бо ў беларускім калгасе галоўнае - не рэальны ўраджай, а падсправаздачны. І адпаведна са справаздачамі, калі праверыць, у нас і зараз, напэўна, бульба ёсць, усё сыходзіцца.
Для кожнага старшыні калгаса знаёмая сітуацыя, калі ён дае справаздачу па ўраджайнасці і іншых паказчыках, а яму ў райвыканкаме кажуць: няправільная інфармацыя, едзь думай, колькі ў цябе павінна быць паводле плану.
Яму не гавораць проста, маўляў, займіся прыпіскамі, а намякаюць падумаць. Справаздачу перарабляюць як трэба, і тады яе прымаюць. І ўжо потым старшыня вызначае, што яму рабіць са сваімі прыпіскамі.
Думаеце, наш статыстычны камітэт нечым адрозніваецца ад выбарчага? Не, яны працуюць паводле аднаго прынцыпу: падаюць такія звесткі, якія жадаюць бачыць наверсе, гэта значыць, ім нават загадваць ужо не трэба.
У выніку ў Польшчы сёння маладая бульба ў крамах са зніжкай каштуе 70 цэнтаў за кілаграм, а ў Беларусі на рынку не менш за 2 даляры, а ў крамах агародніны практычна няма.
- Гэта значыць, праблема ўсё ж не толькі ў варунках надвор'я?
- Не толькі. На момант, калі Польшча скінула з сябе савецкі цяжар, там ужо былі сотні тысяч фермераў. У Беларусі насельніцтва прыкладна ў 4 разы меншае.
Але фермераў нават зараз у нас усяго некалькі тысяч.
Калі б мы за гэтыя 30 гадоў паспрабавалі адысці ад буйна-таварнай вытворчасці, ад вялікіх гаспадарак, якія дагэтуль называем калгасамі, да дробных фермераў, калі б мы паступова пераходзілі да такога драбнення, то шматлікіх праблем можна было б пазбегнуць.
І з ураджаем, як ужо сказаў, і з людзьмі. Лукашэнка ўжо адкрыта кажа, што беларусы лянівыя і хоча замяніць іх пакістанцамі.
У нас у сельскай гаспадарцы сапраўды вялікі дэфіцыт кадраў. Звярніце ўвагу, ён нават міністраў мяняе ледзь не кожны год, бо ніхто не можа справіцца з пастаўленымі задачамі.
Бо немагчыма наладзіць сельскую гаспадарку, якая павінна трымацца на загадах. Немагчыма быць эфектыўнымі, калі на зямлі няма гаспадара, калі пастановы прымаюць наверсе, у міністэрстве, а не на зямлі.
Таму існуе вялікая праблема са ўсімі адмыслоўцамі, разам са старшынямі. Усе разумеюць, што яны часовыя людзі, і для таго, каб утрымацца на сваім месцы, ім трэба дакладна выконваць загады зверху.
У нас сельскагаспадарчыя прадпрыемствы - гэта не бізнэс, а вытворчыя ўчасткі, якім кажуць, чаго і колькі вырабіць.
Пры гэтым нікога наверсе не хвалюе, чаго табе варта выканаць гэтыя паказчыкі. Выканаць трэба ў кожным выпадку, нават калі канкрэтна на вашай зямлі невыгодна вырошчваць гэтую культуру.
Ну, не растуць на вашай зямлі, дапусцім, цукровыя буракі, аднак ваша прадпрыемства знаходзіцца каля цукровага завода, значыць, разбіся ў дошку, але вырасці: на шкоду, на страту, загнаўшы прадпрыемства ў банкруты - нікога не хвалюе.
Калі ж вы адважыцеся запярэчыць і, напрыклад, прапануеце на сваіх пляцах выгадаваць рапс, які прынясе прыбытак, то ў найлепшым выпадку вас здымуць з працы. А ў найгоршым – увогуле пасадзяць.
І я ведаю не аднаго былога старшыню калгаса, якія менавіта за такую правіннасць патрапілі ў турму, адмовіліся выконваць загады старшыні райвыканкама, бо хацелі зрабіць сваё прадпрыемства фінансава-прыбытковым.
Думаю, што цяпер у Беларусі не засталося ўвогуле «няправільных» старшыняў, якія маглі запярэчыць вышэйшаму кіраўніцтву і спрабавалі працаваць рацыянальна, па-гаспадарску.
Але нават калі б нехта вырасціў дастаткова бульбы і здолеў яе захаваць, што таксама праблема, ён бы ўсё адно ўпёрся зараз у рэгуляваныя цэны.
У Беларусі бульба каштуе ўтрая танней, чым у Расеі. І гэта пры адзіным рынку! Калі б у нас сельская гаспадарка была прыватнай, то ад такой нерэнтабельнай вытворчасці бульбы наогул адмовіліся б.
Але ў нас сельская гаспадарка дзяржаўная. І гаспадаркам паступіў загад - у паўтара разы павялічыць пасяўныя плошчы бульбы. Калі лічыць цяперашнімі коштамі, гэта прынясе страты прадпрыемству, гэтую бульбу давядзецца прадаваць ніжэй за сабекошт.
Але старшыні змушаныя гэта рабіць, і яны будуць саджаць нерэнтабельную бульбу, каб не пасадзілі іх саміх.
У той жа час фермеры, якія захавалі бульбу, зараз прадаюць яе на рынках па сваіх цэнах як лішкі са свайго падворка. Але ў рамках краіны гэта, вядома, мізар, умоўна, накарміць сябе і суседа.
Каб накарміць усю краіну, патрэбныя, як ужо казаў, рэформы агулам у галіне.
- Гэта значыць, бульбачка ўсё ж будзе налета ў крамах?
- Не ўпэўнены. Па-першае, усе ведаюць розніцу паміж бульбай фермерскай і калгаснай. Вы бачылі калі-небудзь, каб калгас паліваў палеткі? Я такога не бачыў. Але я бачыў, як фермеры ў Беларусі клапоцяцца пра свой ураджай.
Беларусь - краіна азёр і рэк. Заўсёды каля палетку ў даступнасці ёсць нейкі вадаём, дзе можна ўзяць ваду. Фермеры ставяць помпы, пампуюць і паліваюць у засуху. Таму ў іх бульбачка ёсць, і яна добрая.
Старшыні калгаса некалі пра гэта думаць, яму трэба ездзіць на нарады ў райвыканкам. Але нават калі там бульба вырасце, усё адно якая, яе не змогуць захаваць да траўня.
Нашы сховішчы вельмі моцна саступаюць тым, якія ёсць у нашых суседзяў. У нас не развіваюцца тэхналогіі, мы ж ідзем сваім шляхам, вядома куды.
- А які ваш прагноз для прыватных падворкаў, ці ёсць магчымасць у беларусаў у агародзе захаваць ураджай?
- Тыя, хто ўжо пасадзілі бульбу, атрымаюць меншы ўраджай. Аднак бульбу не позна і зараз пасадзіць. Як і астатнюю гародніну. Некаторыя нават у чэрвені высаджваюць у адкрыты грунт. Што да бульбы і агародніны, то катастрофы няма.
А вось у садах сапраўды ўраджаю не будзе. Яблыкаў не будзе. Думаю, фермеры спрабуюць выратаваць свае сады, і шмат хто, напэўна, здолее. Напрыклад, я ведаю, што некаторыя падчас начных замаразкаў паляць салому, і дым стрымлівае нізкія тэмпературы.
Калі б у нас была большасць прыватных гаспадарак, адпаведна, выратавалі б і большую частку садоў.