FT: Уіткоф адклаў візіт да Пуціна пасля адмовы РФ ад мірнага плана ЗША і Украіны
4- 17.05.2025, 16:04
- 4,240

План складаецца з 22 пунктаў.
Расейскі дыктатар Пуцін адмовіўся абмяркоўваць мірны план, які распрацаваў спецпрадстаўнік прэзідэнт ЗША Стыў Уіткоф разам з Украінай і Еўропай. Уіткоф праз гэта адклаў паездку да Пуціна, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Financial Times.
Тры чалавекі, знаёмыя з абмеркаваннямі, распавялі выданню, што Уіткоф даведаўся аб нежаданні Пуціна казаць аб мірным плане ад высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў. Уіткоф адклаў свой чарговы візіт да Пуціна на гэтым тыдні. Хаця блізкі да яго чалавек сцвярджае, што ніякай наступнай паездкі ўвогуле не планавалі.
План, які хацеў абмеркаваць Уіткоф, складаецца з 22 пунктаў. Гэтыя ж пункты абмяркоўвалі ўкраінскія і амерыканскія чыноўнікі падчас тэлефоннай размовы.
З украінскага боку ў размове ўдзельнічалі кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак і міністр абароны Украіны Рустэм Умераў. Ад ЗША - Уіткоф, дзяржсакратар Марка Рубіа і спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг.
У Еўропе таксама выказалі сумневы што да стратэгіі Дональда Трампа ў дачыненні да Расеі.
- Пуцін робіць роўна столькі, колькі трэба, каб пераканаць Трампа, што ён уцягнуты ў гэтыя намаганні, накіраваныя на пошук міру ва Украіне, у той жа час прыкладаючы ўсе намаганні, каб гэта ні да чаго не прывяло, - сказаў высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат, які ўдзельнічаў у перамовах паміж заходнімі сталіцамі.