Кангрэс ЗША гатовы ўвесці «зруйнавальныя» санкцыі супраць Расеі
24- 18.05.2025, 8:15
- 22,698

Рубіа растлумачыў, калі гэта адбудзецца.
Вашынгтон даваў Маскве час для прагрэсу ў мірных перамовах, але цярпенне заканчваецца – пастанова аб санкцыях ужо на падыходзе.
Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа, паведамляе Face the Nation са спасылкай на інтэрв'ю чыноўніка.
Паводле ягоных словаў, раней адміністрацыя Трамп прасіла Сенат даць ёй крыху часу, каб убачыць, ці будзе дасягнуты прагрэс у мірных перамовах.
Кіраўнік Дзярждэпу адзначыў, што ўжо цягам шасці-сямі тыдняў, Белы дом «даволі дакладна дае расейскаму боку зразумець, што гэтая ініцыятыва (увядзенне санкцый. – рэд.) прасоўваецца».
«Мы паведамлялі расейцам, што гэты працэс (увядзенне санкцый. – Рэд.) ужо запушчаны. Мы чакалі, што калі ўсё будзе закончана, законапраект будзе мець амаль 80 суаўтараў у Сенаце, і, думаю, прыкладна аналагічны ўзровень падтрымкі ў Палаце прадстаўнікоў. Мы тлумачылі, што гэта ініцыятыва, якую мы не можам спыніць і не кантралюем», – сказаў Рубіа.
Урэшце, дадаў ён, Кангрэс, асабліва рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў і Сенаце, спрабавалі даць прэзідэнту Трампу прастору і час для таго, каб ён мог дасягнуць пэўных дамоўленасцяў.
«Аднак мы неаднаразова, ужо амаль два месяцы, папярэджвалі расейцаў, што гэта (увядзенне санкцый. – рэд.) адбудзецца, калі не будзе ніякага прагрэсу. І я думаю, што менавіта цяпер гэта пачынае рэалізоўвацца. І гэта адна з рэчаў, якую я зноў пацвердзіў на гэтым тыдні, знаходзячыся з Ліндсі Грэмам у Турцыі: у іх (рэспубліканцаў. – рэд.) ужо 77 подпісаў. Ён мяркуе, што могуць дайсці да 80 ці нават болей. І гэта проста факт, пра які мы папярэджвалі расейцаў цягам некалькіх тыдняў», – адзначыў кіраўнік Дзярждэпартаменту.