Foreign Affairs: Еўропа перажывае пераломны момант у сваёй гісторыі
3- 18.05.2025, 10:58
- 3,818

Сапраўдны прарыў магчымы толькі праз інтэграцыю і хуткую рэакцыю на выклікі.
Пад націскам расейскай агрэсіі і антылібертарнай палітыкі адміністрацыі Трампа кантынент вымушаны перабудоўваць свае палітычныя і ваенныя асновы, каб не проста выжыць, а выйсці з крызісу яшчэ мацнейшым, піша часопіс Foreign Affairs (пераклад – сайт Charter97.org).
«Еўропа павінна перастаць спадзявацца на падтрымку ЗША і ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі», – пішуць старэйшыя навуковыя супрацоўнікі Фонду Карнегі Сафія Беш і Рычард Янгс.
Еўрапейскія дзяржавы ўжо пачалі рабіць моцныя крокі: рэзкае павелічэнне абаронных бюджэтаў, стварэнне адзінага рынку ваеннай прадукцыі і фармаванне больш гнуткіх альянсаў замест грувасткіх бюракратычных структураў.
Нямеччына, да прыкладу, абвясціла пра маштабныя інвестыцыі – «мы павінны дамагчыся незалежнасці ад ЗША», – заявіў канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц.
Галоўны выклік – гэта палітычная згуртаванасць. Еўрапейскія інстытуты пакуль не гатовыя да глыбокіх рэформаў. Складаныя бюракратычныя працэдуры і рознагалоссі паміж краінамі перашкаджаюць катэгарычным дзеянням. Замест гэтага з'яўляюцца «кааліцыі ахвотных» – часовыя звязы краінаў для развязання вузкаспецыялізаваных задачаў.
«Актуальныя спробы развязання праблемаў – толькі часовыя латкі», – папярэджваюць аналітыкі. «Нам неабходная новая сістэма – гнуткая і дэмакратычная, якая дазваляе краінам аб'ядноўвацца і ўзаемадзейнічаць у тых кірунках, дзе яны сапраўды гатовыя да супрацоўніцтва, без чакання ўсеагульнага кансэнсусу».
У той час як NATO ўсё яшчэ абапіраецца на падтрымку ЗША, Еўропа разумее, што будучая бяспека залежыць ад уласнай ініцыятывы. Агульная абарона павінна грунтавацца на адзінай палітычнай волі і каштоўнасцях, што становіцца ўсё больш складана праз дзеянні некаторых краінаў, такіх як Вугоршчына, што блакуюць супрацоўніцтва.
Прапанова экспертаў – сфармаваць шматслаёвую структуру супрацоўніцтва, дзе розныя групы дзяржаваў аб'ядноўваюцца для супольных праектаў у бяспецы, клімаце і эканоміцы. Такая мадэль дазволіць унікнуць тупікоў, пашырыць магчымасці і захаваць ліберальныя каштоўнасці.
«Сапраўдны прарыў магчымы толькі праз інтэграцыю, але інтэграцыю новага тыпу – гнуткую, адаптыўную, здольную хутка рэагаваць на выклікі», – рэзюмуюць эксперты.