У беларускіх крамах сур'ёзна зменяцца правілы афармлення растэрміноўкі
3- 18.05.2025, 11:25
- 6,758

Што здарылася?
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) звярнула ўвагу шэрагу вядомых прадаўцоў на неабходнасць аператыўна змяніць даведачную інфармацыю на сайтах і ў рэкламе, піша Tochka.by.
Так, некалькі буйных кампаній ужо атрымалі папярэджанні. Гэта ТАА «Трыявіст» (21 vek), ЗАТ «Паціа» («5 элемент»), ТАА «Электрасэрвіс і Ко» («Электрасіла»), ТАА «7745 Вялікі магазін», ТАА «ОМА».
Названыя крамы заблытваюць людзей, якія з розных прычынаў не могуць набыць тавар адным плацяжом.
І ўсё ж: растэрміноўка ці крэдыт?
У МАРГ мяркуюць, што інфармацыя на сайтах крамаў і ў рэкламе, у тым ліку ў вонкавай, аб продажы тавараў у растэрміноўку ўважаецца за неналежную.
Пакупнікі часта заключаюць крэдытную дамову з банкам, а сама крама пры гэтым не дае магчымасці падзелу аплаты. Гэта значыць, з'яўляецца трэці персанаж – банк.
«Спажыўцам прапануецца звяртацца ў банкі і іншыя фінансавыя арганізацыі, гэта значыць пакупнікам фактычна прапануецца заключаць самастойныя крэдытныя дамовы пад мінімальныя адсоткі, напрыклад 0,0001%», – растлумачылі ў кантрольнай установе.
Такім чынам, у грамадзянаў толькі ствараецца ілюзія набыцця тавараў у растэрміноўку, хоць насамрэч яны афармляюць крэдыты.
Ва ўстанове таксама нагадалі, што ў выпадку парушэння пакупніком умоваў крэдытнай дамовы ў дачыненні да яго могуць быць ужытыя істотныя захады адказнасці.
А яшчэ заключэнне такіх дамоваў уплывае на крэдытную гісторыю грамадзяніна.