8 чэрвеня 2025, Нядзеля, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да праблемаў з бульбай і цыбуляй у Беларусі дадаліся цяжкасці з яшчэ адным папулярным прадуктам

17
Да праблемаў з бульбай і цыбуляй у Беларусі дадаліся цяжкасці з яшчэ адным папулярным прадуктам

Ён уваходзіць у традыцыйны «баршчавы» набор.

У Федэрацыі прафзвязаў расказалі, на нястачу якіх тавараў у крамах скардзяцца беларусы. «Сярод асноўных тэмаў – пытанні якасці і наяўнасці некаторых складнікаў так званага “баршчавога” набору – бульбы, капусты, цыбулі», – удакладняюць прафзвязы. «Люстэрка» паглядзела, якая сітуацыя з белакачаннай капустай у службах дастаўкі – ці ёсць у наяўнасці і што з коштамі.

У Федэрацыі прафзвязаў паведамілі, што за красавік атрымалі больш за 60 зваротаў ад спажыўцоў з розных рэгіёнаў. Людзі ў асноўным прасілі палепшыць працу асобных гандлёвых аб'ектаў. Таксама былі пытанні якасці і наяўнасці некаторых складнікаў «баршчавога» набору – бульбы, капусты, цыбулі. «Асобныя звароты тычыліся рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці», – удакладняюць у федэрацыі.

Як паведамляецца, у некаторых выпадках пасля такіх скаргаў прадукцыю здымалі з продажу. «Інфармацыя пра такія выпадкі таксама перадавалася ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, – адзначаюць афіцыйныя прафзвязы. – Пра пытанні недастатковага асартыменту гародніны “баршчавога” набору прафзвязы інфармуюць і працуюць з адказнымі дзяржорганамі для прыняцця неабходных пастановаў».

Што ў крамах з гэтым таварам?

Пра праблемы з белакачаннай капустай беларусы раней паведамлялі не так актыўна, як пра бульбу ці цыбулю.

Да прыкладу, у «Е-дастаўцы» цяпер ёсць у наяўнасці толькі ранняя белакачанная капуста з Казахстана, яе кошт – 2,78 рубля за кілаграм. У дастаўцы Green – таксама толькі ранняя імпартная (краіна не пазначаная), яе кошт – 4,29 рубля за кіло. У крамах «Скрыжаванне» таксама быў у продажы гэты тавар з Узбекістана, кошт яго даходзіў да 4,16 рубля за кілаграм (але цяпер няма ў наяўнасці).

Нагадаем, беларусы вось ужо некалькі месяцаў скардзяцца на якасць гэтага прадукту ў крамах і яго кошты. Пачаліся праблемы ў лютым (хоць чыноўнікі сцвярджаюць адваротнае). Мінсельгасхарч і МАРГ настойваюць, што ў крамах бульба ёсць і «турбавацца пра якасць прадукту не варта». Аднак у сваіх кабінетах праблему абмяркоўваюць на самым высокім узроўні. Тым часам беларусы сталі скардзіцца на якасць і кошт бульбы ў TikTok.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках