ДАІ Беларусі падрыхтавала 7-дзённы «сюрпрыз» некаторым кіроўцам
9- 18.05.2025, 12:46
- 10,058

Ім будуць аддаваць «асаблівую ўвагу».
Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі абвесціла пра правядзенне рэспубліканскай «прафілактычнай акцыі» пад назвай «Мотрух – без парушэнняў!», якая пройдзе з 18 да 24 траўня. Як заявілі ў ГУ ДАІ МУС, мэта мерапрыемства – «прафілактыка ДТЗ з удзелам мотатранспарту», колькасць якіх, паводле звестак установы, прыкметна вырасла з пачаткам мотасезону. Інспектары паабяцалі «галосны і негалосны кантроль», удзел мотапатрулёў і асаблівую ўвагу да «саматужных» матацыклаў, піша «Телеграф».
Паводле статыстыкі прэс-службы МУС Беларусі, сёлета ўжо зафіксавана 50 ДТЗ, «учыненых з віны кіроўцаў байкаў», у якіх 8 чалавек загінулі і 52 атрымалі траўмы. «З пачаткам мотасезону адбыўся ўсплёск такіх ДТЗ», – канстатавалі ва ўстанове.
У рамках акцыі супрацоўнікі ДАІ «правядуць адпрацоўку населеных пунктаў і аўтадарог, накіраваную на папярэджанне і спыненне парушэнняў ПДР гэтай катэгорыяй кіроўцаў».
«Асаблівая ўвага», як падкрэслілі ў Дзяржаўтаінспекцыі, будзе аддадзена «своечасоваму выяўленню і канфіскацыі на час правядзення праверкі канструктыўна змененых, незарэгістраваных і не аформленых прававызначальнымі дакументамі, або сабраных саматужным спосабам матацыклаў».
Акрамя рэйдаў і кантролю на дарогах, ДАІ таксама паабяцала «арганізаваць прафілактычную працу з удзельнікамі байкерскіх супольнасцяў і з індывідуальнымі ўладальнікамі двухколавай тэхнікі». Інспектары, паводле іхніх словаў, будуць «тлумачыць захады бяспекі, парадак атрымання пасведчання кіроўцы і пастаноўкі мотатранспарту на ўлік, адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за парушэнне Правілаў дарожнага руху».