«Белавія» адказала на абурэнне беларусаў праз перанос рэйсаў з Батумі ў Кутаісі
- 18.05.2025, 13:49
- 9,718

Стала вядома, што паабяцалі пасажырам.
Авіякампанія «Белавія» афіцыйна пацвердзіла інфармацыю пра перанос часткі сваіх рэйсаў па маршруце Менск – Батумі – Менск у аэрапорт Кутаісі. Як гаворыцца ў паведамленні перавозніка, гэта звязана з запланаваным рамонтам узлётна-пасадачнай паласы ў Міжнародным аэрапорце Батумі, які будзе праводзіцца з 20 траўня да 15 чэрвеня. Раней пасажыры ўжо скардзіліся на такія змены, аднак афіцыйных каментароў ад авіякампаніі не было, піша «Телеграф».
«У сувязі з гэтым авіякампанія "Белавія" вымушаная змяніць аэрапорт прылёту/вылету для некаторых рэйсаў з Менска ў Батумі і назад: яны перанесеныя ў Міжнародны аэрапорт Кутаісі», – заявілі ў «Белавія» наконт рамонтных працаў.
Пры гэтым у кампаніі ўдакладнілі, што «частка рэйсаў будзе па-ранейшаму выконвацца ў/з аэрапорта Батумі», і цяпер авіякампанія «карэктуе расклад па гэтым маршруце». Пасажырам, якія ўжо аформілі квіткі, там парэкамендавалі адсочваць актуальную інфармацыю на сайце belavia.by у графе «статус бранявання».
«Белавія» таксама прапанавала опцыю для тых, хто «не гатовы мяняць маршрут». Такія пасажыры могуць здаць квіткі і «вярнуць поўны іх кошт».
Нагадаем, інфармацыя пра змены аэрапорта прылёту для некаторых рэйсаў у Грузію пачала з'яўляцца ад саміх пасажыраў. Сярод іншага, грузінскі Telegram-канал «Фаэтон» публікаваў скрыншот паведамлення ад імя «Белавія»пра змяненне аэрапорта прылёту і нумара рэйсу В2 737, які вылятае 29 траўня, на Кутаісі, з указаннем прычыны – «рамонт узлётна-пасадачнай паласы». Пры гэтым тады ж «Фаэтону» на гарачай лініі Батумскага аэрапорта паведамілі, што інфармацыі пра якія-небудзь рамонтныя працы ў іх няма і аэрапорт працуе ў штатным рэжыме.
Чытачы Onlíner таксама скардзіліся на падобныя змены, адзначаючы адсутнасць прапановаў трансферу або кампенсацыі з боку авіякампаніі і выказваючы занепакоенасць тым, як дабірацца з Кутаісі ў Батумі. Некаторыя таксама ўказвалі на неабходнасць пераафармлення паслугі дадатковага багажу на новы аэрапорт праз службу падтрымкі.