У Беларусі з'явілася першая армянская царква
9- 18.05.2025, 18:11
- 4,222

Яе асвячаў Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армян Гарэгін II.
У Менску 18 траўня асвяцілі храм Святога Рыгора Асветніка - першы храм Армянскай апостальскай царквы ў Беларусі, паведамляе агенцтва "Минск-Новости".
Для правядзення цырымоніі ў Беларусь прыехаў Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ.

На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі іншых рэлігійных канфесій.
Духоўны комплекс пабудавалі паводле праекту архітэктара Самвела Макяна. Ён адрозніваецца ад навакольнай забудовы нацыянальнай армянскай стылістыкай. Хоць большая частка будаўнічых матэрыялаў - беларускай вытворчасці, для аздаблення фасада і ўнутранага ўбрання з Арменіі прывезлі туф, базальт і траверцін.
На будаўніцтва спатрэбілася блізу трох гадоў. Комплекс уключае сам храм і парафіяльны дом з духоўна-асветніцкім цэнтрам і нядзельнай школай. Набажэнствы пакуль будуць праходзіць па нядзелях.
