Расея зазнала няўдачу пры выпрабаванні ядзерных ракет «Ярс»
17- 19.05.2025, 11:07
- 25,912

Пускавы раён быў максімальна нетыповым.
У Расеі не адбыўся “вучэбна-баявы” запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-24 “Ярс”. Пра гэта паведамляе Defense Express у панядзелак, 19 траўня.
Выданне нагадвае, што ўчора ГУР МАУ паведаміла аб планах расейцаў запусціць Ярс сіламі разліку 433 палка 42 дывізіі 31 арміі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння РФ.
"Пускавы раён быў максімальна нетыповым - у Свярдлоўскай вобласці, побач з населеным пунктам Свабодны. Ад яго да Ніжняга Тагіла ўсяго 25 км. Таму кожны пуск з вялікай дзеллю імавернасці быў бы зафіксаваны мясцовымі", - гаворыцца ў паведамленні.
Улічваючы, што асноўным расейскім палігонам, куды цэляцца міжкантынентальнымі ракетамі, з'яўляецца Кура на Камчатцы, то палёт гэтай ракеты павінны былі назіраць на значнай тэрыторыі Сібіры і Далёкага Усходу ад Ханты-Мансійска да Магадана. Але ніводнага відэа з яе палётам апублікавана не было.
Цяпер невядомыя прычыны, чаму менавіта расейцы не правялі запуск. Але ў 2023 годзе РФ двойчы запар не змагла штатна выканаць запускі РС-24 “Ярс”, якія збіваліся з курсу.
"Урэшце, кожная ракета праходзіць перадпалётную праверку, і наўрад ці Крэмль зацікаўлены ў тым, каб перад перамовамі Пуціна і Трампа паказаць няздольнасць сваіх сіл ядзернага стрымлівання”, – пішуць журналісты.
Таксама яны не выключаюць няштатную сітуацыю на першым этапе палёту адразу пасля старту. Нягледзячы на тое, што “Ярс” з'яўляецца глыбокай мадэрнізацыяй “Таполі”, заўсёды існуе рызыка адмовы.