У Беларусі ўвялі забарону на лоўлю аднаго віду рыбы
2- 19.05.2025, 12:05
- 10,056

Парушальнікам пагражаюць не толькі вялікія штрафы.
З 19 траўня ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях Беларусі пачала дзейнічаць забарона на вылаў сома звычайнага. Як паведамляецца, гэтыя абмежаванні, накіраваныя на захаванне папуляцыі рыбы будуць трываць да 19 чэрвеня. Парушальнікам пагражаюць не толькі вялікія штрафы, але і, у асобных выпадках, крымінальная адказнасць, піша «Тэлеграф».
У іншых рэгіёнах краіны — Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях — аналагічная забарона павінна пачаць дзейнічаць пазней, з 31 траўня да 1 ліпеня. Як растлумачылі спецыялісты прыродааховы, такія тэрміны звязаныя з перыядам нерасту ў сома, калі ён «пакідае звыклыя месцы пражывання» для размнажэння і становіцца «лёгкай здабычай».
Важна памятаць, што выпадкова злоўленага сома ў забаронены перыяд «неабходна неадкладна выпусціць у вадаём».
За парушэнне забароны прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць паводле ч.1 арт.16. 25 КоАП Рэспублікі Беларусь, якая цягне за сабой накладанне штрафу сумай ад 10 да 30 базавых адзінак (420-1260 рублёў). Акрамя таго, магчымая канфіскацыя прылад лоўлі.
Акрамя агульнага штрафу, за кожную незаконна здабытую асобіну сома падчас забароны парушальніку давядзецца заплаціць яшчэ 12 базавых адзінак (504 рублі).
Акрамя таго, КоАП Беларусі прадугледзеў «адміністрацыйную справу» і за знаходжанне ў рыбалоўных угоддзях альбо на прылеглай тэрыторыі на адлегласці 1 кіламетра ад берагавой лініі з рыбай, лоўля якой падчас нерасту забароненая. Згодна з ч. 3 арт.16.25, за гэта пагражае штраф да 30 базавых адзінак (1260 рублёў).
Калі ж агульная шкода ад нелегальнай рыбалкі перавысіць 100 базавых адзінак, можа быць распачатая і крымінальная справа паводле артыкуле 281 КК РБ.
Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету заклікала грамадзян выконваць устаноўленыя меры, адзначаючы, што гэта «не толькі спосаб пазбегнуць штрафаў, але і ўклад у захаванне біяразнастайнасці беларускіх рэк і азёр».