Расейскага марафонца дагнала карма за трыкалор на фінішы
12- 19.05.2025, 16:51
- 11,938

Спартовец парушыў рэгламент, праз што яго рэкорд не залічылі.
Рэкорд расейскага лёгкаатлета, ультрамарафонца Івана Заборскага на спаборніцтвах у Францыі афіцыйна не залічаны. Спартовец фінішаваў са сцягам Расеі на плячах і парушыў правіла аб нейтральнасці, паведамляе «Телеграф».
Характэрна, што расеец прэтэндаваў на сусветны рэкорд, прабегшы на ультрамарафоне «6 дзён Францыі» 1047,5 кіламетра. Міжнародная асацыяцыя звышмарафонцаў (IAU) на сваім афіцыйным сайце выступіла з заявай наконт сітуацыі з расейцам.
«IAU прытрымліваецца часовага адхілення, накладзенага World Athletics. Гэта адхіленне азначае, што ніводзін расейскі і беларускі спартовец не мае права ўдзельнічаць у афіцыйных буйных мерапрыемствах IAU (напрыклад, чэмпіянатах IAU).

Што да мерапрыемстваў з маркіроўкай IAU, спартоўцам з гэтых дзвюх краін не забаронена ўдзельнічаць, бо гэта застаецца на меркаванне арганізатараў такіх камерцыйных мерапрыемстваў; аднак IAU чакае, што ўсе мерапрыемствы з маркіроўкай IAU будуць адпавядаць нашай пазіцыі і не дазволяць расейскім і беларускім спартоўцам удзельнічаць у гэтых мерапрыемствах з маркіроўкай. Толькі спартоўцам, прызнаным нейтральнымі, павінна быць дазволена ўдзельнічаць у мерапрыемствах з маркіроўкай.
Нарэшце, кожныя выступы расейскіх ці беларускіх спартоўцаў, якія выступаюць пад нацыянальным сцягам, не будуць прызнаныя і не будуць уключаныя ў спіс рэкордаў IAU», - кажа паведамленне.
Дадамо, што Заборскі ўдзельнічаў у спаборніцтвах пад эгідай Глабальнай арганізацыі шматдзённых ультрамарафонаў (GOMU). На гэты момант рэкардсменам шасцідзённага марафону на сайце IAU значыцца бельгіец Мацье Бон. Ён устанавіў рэкорд у 2024 годзе (1046,3 кіламетра). GOMU пакуль сітуацыю ніяк не каментавала і таксама не абнаўляла рэкорд на сваім афіцыйным сайце.