Bild: З тэрыторыі Беларусі Расея можа атакаваць Літву ці Польшчу
7- 19.05.2025, 21:30
- 9,936

Гэта можа здарыцца падчас супольных з беларускім войскам вучэнняў.
У выпадку спынення вайны супраць Украіны вайскоўцы Расеі будуць перакінутыя да межаў краін NATO і стануць пагражаць суседнім краінам. Пра гэта 19 траўня заявіў у інтэрв'ю Bild міністр абароны Эстоніі Хано Пэўкур, а таксама суразмоўцы выдання ў спецслужбах Захаду.
Пэўкур адзначыў, што ў выпадку заміэння з Украінай 800 тысяч расейскіх вайскоўцаў дадому не адправяцца, ім нелегітымны прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін выдасць новыя загады, і пагроза для краін Захаду вырасце.
Bild піша, што выведкі Захаду асцерагаюцца перакідання расейскіх войскаў з Украіны да межаў Фінляндыі, Нарвэгіі, краін Балтыі і ў Беларусь, «амаль на мяжу» з Польшчай.
Суразмоўцы выдання расказалі, што за апошнія месяцы Расея падрыхтавала для такіх дзеянняў адпаведную інфраструктуру, і рэалізаваць планы перакідання войскаў Маскве перашкаджае толькі вайна ва Украіне.
Крыніцы Bild не выключаюць, што з тэрыторыі Беларусі падчас супольных з беларускім войскам вучэнняў Расея можа атакаваць Літву ці Польшчу. Выданне нагадала, што ў 2021 годзе РФ выкарыстала вайсковыя манеўры ў Беларусі ў якасці падставы для размяшчэння сваіх войскаў каля межаў з Украінай, і затым атакавала Украіну.
Адзін з суразмоўцаў журналістаў патлумачыў, што пакуль ідзе вайна ва Украіне і расейскія сілы занятыя ёю, вайсковыя вучэнні «Захад-2025» «застануцца толькі манеўрамі».
Разважаючы пра магчымыя вынікі перамоў аб міры, іншая крыніца Bild мяркуе, што калі гэта будзе на карысць Масквы (напрыклад, РФ пакіне сабе «анэксаваныя» тэрыторыі Украіны), то «Расея ўспрыме слабасць як магчымасць для новых заваёў», і Пуцін можа выбраць сабе «больш буйную мэту».
Выданне нагадвае, што «пасля [вайны супраць] Грузіі быў Крым, потым Данбас, затым Украіна».
Bild піша, што Пуцін стане больш небяспечны, калі скончыцца вайна ва Украіне.