The Telegraph: План «Б» для Украіны
17- 20.05.2025, 19:07
- 15,378

Трамп можа вярнуцца да палітыкі эпохі Байдэна або аддаць ініцыятыву Еўропе.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у выпадку няўдачы перамоў Украіны і Расеі можа вярнуцца да эпохі палітыкі свайго папярэдніка Джо Байдэна ці ж перадаць ролю ва ўрэгуляванні вайны еўрапейцам.
Пра гэта ў артыкуле для The Telegraph піша міжнародны аглядальнік Дэніэл ДэПэтрыс, падводзячы вынікі тэлефоннай размовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна 19 траўня.
Аўтар публікацыі падкрэслівае, што гэтая размова не магла прывесці да дыпламатычнага прарыву, з улікам пазіцый краіны-агрэсаркі Расеі і Украіны. Ён таксама адзначыў, што Трамп здаецца ўсё больш расчараваным няўдачамі сваіх намаганняў у мірным працэсе, але не збіраецца прызнаваць, што перамовы аб міры зайшлі ў нікуды.
Існавалі надзеі, што прэзідэнт ЗША выставіць Маскве ультыматум, пагражаючы новымі магутнымі санкцыямі, аднак «Трамп праявіў нерашучасць, каб зрабіць што-небудзь з Пуціным, што магло б разгайдаць дыпламатычную лодку».
Трамп усё яшчэ хоча мірнага пагаднення, а ў Пуціна ёсць вета на ўвесь гэты працэс, піша ДэПэтрыс.
Аналізуючы магчымае развіццё падзей, журналіст задаецца пытаннем, ці ёсць у Трампа план «Б» для Украіны, калі перамовы Кіева і Масквы будуць няўдалымі. Калі адказ «не», то, разважае журналіст, камандзе прэзідэнта ЗША лепш яго прыдумаць.
Пры гэтым варыянтаў, на думку аўтара артыкула, няшмат. Прэзідэнт ЗША можа вярнуцца да палітыкі эпохі Джо Байдэна, якая спалучала пастаўкі зброі Украіне, узмацненнем санкцый супраць РФ і яе дыпламатычную ізаляцыю ў спробе ўмацаваць перамоўную пазіцыю Кіева. Ці ж Трамп можа выйсці з перамоўнага працэсу, абвінаваціўшы адзін ці два бакі ў непрымірымасці, і перадаць ініцыятыву Еўропе.
Першы варыянт будзе папулярны на Захадзе, але будзе рэцэптам для новай вайны, мяркуе Дэніэл ДэПэтрыс. Другі варыянт выкліча крыкі праведнага абурэння.
«Але ўсё адно ён больш маральна апраўданы, чым навязванне [Прэзідэнту Украіны Уладзіміру] Зяленскаму мірнага пагаднення, якое ён не падтрымлівае», — рэзюмуе аўтар артыкула.