Пад Менскам з'явіцца новая дарога
1- 20.05.2025, 11:41
- 5,508

Яе кошт ацэньваецца на мільён даляраў.
Жылы комплекс «Зялёная гавань» і Калодзішчы (раён вуліцы Танкавай) звяжа новая дарога. Праект транспартнай магістралі працягласцю 3,5 км гатовы, забудоўнік прыступіў да працэдуры адвядзення зямель. Рух па новай дарозе плануюць пусціць ужо восенню гэтага года, адзначае «Онлайнер».
Вядома, што праезная частка будзе мець па адной паласе ў кожны бок. Да будаўніцтва плануюць прыступіць найбліжэйшым часам. Кошт аб'екта складзе блізу 1 мільёна даляраў. Таксама атрыманае папярэдняе ўзгадненне на запуск грамадскага транспарту ў жылы комплекс.

- Мы разумеем важнасць як транспартнай, так і сацыяльнай інфраструктуры для жыхароў «Зялёнай гавані» і піьлнуемся мэты «зялёны горад на прыродзе», — адзначаюць у кампаніі «А-100 Дэвелапмент». - Гэта азначае, што жыхары не пазбаўленыя звыклага гарадскога камфорту. Вялікую ролю адыгрывае стварэнне транспартнай інфраструктуры «пад ключ»: мы будуем сучасныя дарогі, зручныя кішэні для грамадскага транспарту, прыпынкі — усё гэта будуецца паралельна комплексу.
Летась у кастрычніку адкрыўся новы адцінак пад'язной дарогі ад чыгуначнага пераезду да цэнтральнай вуліцы комплексу. Гэта дазволіла скараціць шлях да квартала і запусціць маршрутнае таксі ў «Зялёную гавань».
