Foreign Policy: Расея разумее, што саступіць класічную вайну з NАТО
6- 20.05.2025, 11:54
- 4,652

Магчымая вайна не будзе падобная на тое, што адбываецца ва Украіне.
Пасля няўдалага «бліцкрыгу» ва Украіне, дзе расейскае войска мела намер «за тры дні» ўзяць Кіеў і змяніць уладу, вайна зацягнулася на гады, стаўшы знясільвальным канфліктам з цяжкімі стратамі. Аднак, нягледзячы на цяжкасці на ўкраінскім фронце, пагроза з боку Расеі на адрас NATO захоўваецца - і набывае іншую форму, піша амерыканскае выданне Foreign Policy (пераклад - сайт Charter97.org).
На думку заходніх вайсковых аналітыкаў, у выпадку канфлікту з NATO Расея наўрад ці стане імкнуцца да шырокамаштабнага ўварвання і захопу тэрыторый, як гэта адбылося ва Украіне. Асноўнай мэтай Крамля, хутчэй за ўсё, стане падрыў палітычнага і вайсковага адзінства альянсу, каб ператварыць NATO ў неэфектыўную структуру.
Адным з магчымых сцэнароў можа стаць абмежаванае ўварванне на тэрыторыю аднаго з уразлівых чальцоў NATO, напрыклад, у адну з краін Балтыкі. Пасля акупацыі Масква можа пагражаць ядзернай эскалацыяй у выпадку спробы Альянсу вызваліць тэрыторыю, адначасова размяшчаючы тактычную ядзерную зброю і заяўляючы пра гатоўнасць выкарыстаць яе.
«Гэта стратэгія агрэсіўнай ядзернай абароны»: маўляў, паспрабуеце вярнуць — атрымаеце ўдар па тылах», — адзначаюць аналітыкі.
Акрамя таго, Расея можа нанесці ўдары па цывільнай інфраструктуры ў глыбіні Еўропы, узмацняючы ціск. У ход могуць пайсці кібератакі, дыверсіі і іншыя формы гібрыднай вайны.
Пры гэтым Крэмль, на думку экспэртаў, не разлічвае на безумоўную капітуляцыю ўсяго NATO. Масква чакае жорсткую рэакцыю ад краін Усходняй Еўропы, але робіць стаўку на ваганні ў Заходняй Еўропе і ЗША, дзе, як мяркуюць у Маскве, палітычныя лідары могуць адмовіцца ад вайсковага адказу дзеля пазбягання рызык і разбурэнняў на ўласнай тэрыторыі.
«Калі хаця б адна краіна NATO не падтрымае пацярпелага хаўрусніка, гэта будзе азначаць крах альянсу», — папярэджваюць спецыялісты.
Ключавым чыннікам для пачатку канфлікту можа стаць не колькасць войскаў, а ўпэўненасць Крамля ў тым, што NATO не гатовае да доўгага супраціву і высокіх страт.
Нягледзячы на няўдачы ва Украіне, расейскае кіраўніцтва, на думку аналітыкаў, па-ранейшаму смела настроенае перагледзець пасляваенны лад Еўропы і вярнуць сабе ўплыў на постсавецкай прасторы.
На фоне боязі, што ЗША і хаўруснікі могуць марудзіць з рэакцыяй або «саступіць», у Еўропе ўзмацняюцца заклікі да тэрміновай мабілізацыі, пераўзбраення і ўмацавання ўсходняга флангу.
«Расея можа атакаваць цягам шасці месяцаў пасля заканчэння вайны ва Украіне», - папярэдзілі ў Міністэрстве абароны Даніі.
Магчымая вайна Расеі з NATO будзе не падобная на тое, што адбываецца ва Украіне. Гэта будзе гульня на раз'яднанне і страх, а не класічнае супрацьстаянне войскаў. І, як мяркуюць экспэрты, чым даўжэй Альянс вагаецца, тым вышэйшы шанец, што Крэмль рызыкне.