Што зменіцца для беларусаў у чэрвені
2- 20.05.2025, 12:02
- 8,648

У тым ліку з'явіцца валютнае новаўвядзенне і вырастуць тарыфы на ЖКП.
У Беларусі ў чэрвені падвысяць субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады. Таксама ў наступным месяцы ўвядуць змены ў будаўніцтве і крэдытаванні жылля.
«Зеркало» склала падборку чэрвеньскіх змяненняў, якія здольныя паўплываць на таўшчыню партманэтаў.
Падаражанне некаторых ЖКП
Субсідаваныя тарыфы на цеплазабеспячэнне, ацяпленне і падагрэў вады — маюць намер падняць з 1 чэрвеня — да 27,2323 рубля за 1 Гкал. Рост - на 10,2%.
Пададзім разлікі, як зменяцца сумы для канкрэтнага жылля. Так, у двухпакаёвай кватэры ў Менску на 50 “квадратаў”, у якой прапісаны адзін чалавек, за спажыты аб'ём ацяплення ў 1,0163 Гкал цяпер трэба заплаціць 25,12 рубля. За чэрвень выйдзе 27,68 рубля. Розніца-2,56 рубля.
Для кватэр, у якіх ніхто не зарэгістраваны, а таксама для «дармаедскіх» тарыфы паднялі з 1 студзеня. Яны прыкладна ў 5,5 разы вышэйшыя за льготныя.
У апошні раз субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады падвышалі ў чэрвені 2023 года. Іх хацелі павысіць таксама з пачатку лета 2024-га амаль на 25%, але ў выніку не сталі гэтага рабіць.
Банкаўскія навіны
Некалькі банкаў анансавалі, што ў чэрвені ўнясуць змены для асобных паслуг. Да прыкладу, "Альфа-Банк" з 3 чэрвеня ўвядзе плату за зняцце гатоўкі ў касах іншых банкаў. Яна будзе на ўзроўні 3,5% ад сумы (мінімум — 4,5 рубля). Таксама ў "Альфа-Банка" з 1 чэрвеня з'явяцца змены ва ўмовах бясплатнага абслугоўвання некаторых паслуг. Так, асобныя плацяжы перастануць залічваць у агульную суму месячных выдаткаў.
“Сбер Банк” анансаваў, што з 1 чэрвеня павялічыць штомесячную абаненцкую плату за пакет паслуг “Ultra Card 2.0” — з 25 да 40 рублёў. Гэта тычыцца кліентаў, у якіх не будзе выканана ніводная з умоў бясплатнага абслугоўвання. Таксама "Сбер Банк" з 2 чэрвеня ўнясе змяненне для валютна-абменных аперацый на картках да рахунку ў беларускіх рублях за межамі Беларусі. Навіна тычыцца сітуацый, калі выкарыстоўваюцца расейскія рублі.
“Белгазпрамбанк” з 1 чэрвеня ўвядзе камісію за пераводы ў еўрах на рахункі, якія адкрыты ў “Беларусбанку”. Таксама гэта фінансавая ўстанова раней анансавала, што з 1 чэрвеня ўвядзе новую паслугу — папаўненне аплатных картак “Белкарт-прэміум” у банкаматах за межамі Беларусі. “Паслуга можа быць выкананая толькі пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці ў канкрэтнай прыладзе замежнага банка”, — удакладняе фінустанова.
Паспець заплаціць падаткі
Да 2 чэрвеня ўключна беларусам трэба паспець унесці падаходны падатак за даходы, атрыманыя ў 2024-м.
Будаўніцтва і крэдытаванне жылля па-новаму
З чэрвеня таксама запрацуюць указы, падпісаныя Лукашэнкам, якія павінны ўдасканаліць “падыходы па будаўніцтве і крэдытаванні жылля”.
Да прыкладу, будуць прадугледжаны тры формы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля:
- ільготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакаваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў ,кватэр у шматкватэрных або блакаваных жылых дамах, пабудаваных паводле дзяржаўнай замовы (21 катэгорыя грамадзян);
- аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля (17 катэгорый);
- фінансавая дапамога дзяржавы ў вяртанні запазычанасці льготных крэдытаў (для шматдзетных і маладых сем'яў, пры нараджэнні дзяцей).
Асобныя катэгорыі грамадзян могуць мець права на ўсе формы дзяржаўнай падтрымкі.
У населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч чалавек ільготныя крэдыты будуць давацца для куплі жылля як на першасным рынку (пабудаванага паводле дзяржаўнай замовы), так і на другасным.
Змены ў нерухомасці
У першы месяц лета ў Беларусі ўвядуць новаўвядзенні пры рэгістрацыі натарыусамі нерухомасці. Гэта прадугледжана пастановай Мінюста.
"Істотныя змены дзяржаўнай рэгістрацыі ўваходзяць у дзеянне 11 чэрвеня 2025 года”, — паведамляла раней натарыус Людміла Тарасава, адказваючы на пытанне, “калі ў натарыуса можна будзе не толькі засведчыць, але і зарэгістраваць дамову куплі-продажу кватэры і пераход правоў”.
"Напрыклад, вы купляеце кватэру, і натарыус засведчыў дамову куплі-продажу. У той жа дзень ён накіроўвае ў Адзіны рэестр маёмасці для дзяржаўнай рэгістрацыі электронныя копіі гэтага дакументаў на папяровым носьбіце, а таксама апавяшчэнне аб іх накіраванні. У гэтым выпадку пакупніку і прадаўцу не трэба будзе ехаць і падаваць заяву аб дзяржрэгістрацыі”, — тлумачыць экспэртка.
Паводле ейных слоў, натарыус атрымлівае ад рэгістратара звесткі аб рэквізітах і памеры платы за дзяржаўную рэгістрацыю і паведамляе гэтыя звесткі кліенту. Гэта можна зрабіць альбо папяровым паведамленнем, альбо праз СМС, электронную або звычайную пошту.