Якія змены будуць сёлета на ЦЭ для 11-класнікаў
- 20.05.2025, 14:07
- 1,494

На цэнтралізаваны экзамен зарэгістравалі амаль 57 тысяч чалавек.
Сёлета выпускнікі 11-х класаў напішуць цэнтралізаваны экзамен 26 траўня па прадмеце на выбар, а 29 траўня — па рускай або беларускай мове. Якія змены прадугледжаныя падчас ЦЭ, распавяла прадстаўніца Міністэрства адукацыі Анжаліка Кудаярава, выступаючы ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Першая навацыя: сёлета падчас ЦЭ выкарыстоўваць гаджэты забароняць на ўсёй тэрыторыі пункта правядзення тэставання, а не толькі ў аўдыторыі. У выніку іх выключаць яшчэ на этапе прапускнога кантролю. Карыстацца тэлефонамі ў дварах пунктаў тэставання забараняць не будуць.
Выключэнне зробяць для вучняў, якім гаджэт патрэбны для кантролю здароўя — напрыклад, інсуліназалежны. Такія школьнікі ўключаныя ў спіс, і іх патрэба ў гаджэце пацверджаная медыцынскімі дакументамі, таму для іх ствараюць асобныя ўмовы, каб мабільны тэлефон знаходзіўся падчас экзамену недалёка.
Другое новаўвядзенне: на ЦЭ цяпер не будуць прысутнічаць настаўнікі-прадметнікі.
Сёлета на цэнтралізаваны экзамен зарэгістравалі 56 977 тыс. чалавек. Яны напішуць 113 855 тэстаў. Са звестак Мінадукацыі, самым запатрабаваная руская мова: яе выбралі 46 126 выпускнікоў. На другім месцы размясцілася матэматыка - тэст у гэтым прадмеце напішуць 18 994 вучні, у топ-3 таксама беларуская мова, якую плануюць здаваць 10 792 навучэнцаў.
Вынікі ЦЭ будуць вядомыя не пазней за 11 чэрвеня, удакладніла Анжаліка Кудаярава.
Што тычыцца магчымасці пераздаць цэнтралізаваны экзамен для тых, хто атрымаў нулявы вынік, яна запрацуе толькі з 1 верасня 2025 года. Такое права даюць папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі, якія былі падпісаныя ў канцы снежня. У выніку ўпершыню магчымасць другога шанцу з'явіцца толькі на ЦЭ ў 2026 годзе. Пакуль жа здалі тэставанне на нуль балаў атрымліваюць даведку аб навучанні, а атэстат ім выдаецца толькі праз год.