12 чэрвеня 2025, Чацвер, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бульбяная змова

10
Бульбяная змова

Чыноўнікі знайшлі, праз каго здарыўся дэфіцыт бульбы ў Беларусі.

Пасля таго як на некаторыя нязначныя перабоі з бульбай у беларускіх крамах звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, чыноўнікі і прапаганда кінуліся на пошукі. Бульбу, праўда, не знайшлі. Затое знайшлі вінаватых. Балазе шукаць доўга не давялося. Бо дэфіцыт бульбы ў Беларусі- гэта змова ўцекачоў і Захаду, які далучыўся да іх, піша planbmedia.io.

Таму што ніякіх аб'ектыўных прычын, каб у Беларусі быў дэфіцыт бульбы, няма. Як патлумачыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Уладзімір Гракун, з бульбай у нас наогул усё добра. Няма за што перажываць.

"Бульба была, бульба ёсць", - сказаў намеснік міністра.

Нядзіўна, што сярод дзяржаўных медыя паўстаў некаторы кагнітыўны дысананс. Таму што, сапраўды, зусім незразумела, ёсць бульба ці няма. Вочы і іншыя органы пачуццяў кажуць, што не, а ўся дзяржаўная статыстка пераконвае, што бульбы ў краіне, як таго гуталіну.

«Што ў нас з бульбай. Вось прамое пытанне. Я праўда кажу, я не ведаю, як да гэтага ставіцца. Таму што я так і не зразумеў: яна ёсць ці яе няма», — панаракаў у панядзелак галоўны рэдактар газеты «Мінскі кур'ер» Кірыл Казакоў.

Праўда, пазалетась бульбы сабралі 1,2 мільёна тон, а летась — толькі 800 тысяч. І можа падацца, што недабор 400 тысяч тон і стаў прычынай дэфіцыту бульбы.

Але гэта толькі калі глядзець некампетэнтным поглядам. Таму што згодна з усімі разліковымі паказчыкамі беларусам больш за 90 тысяч тон бульбы не трэба. Не вельмі зразумела навошта яе тады ў такіх колькасцях збіраць. Але сутнасць не ў гэтым. Паводле слоў Гракуна, на міжсезонны перыяд у сховішчах назапасілі 48 тысяч тон бульбы. А яшчэ 80 тысяч тон бульбы ў крамы паставілі фермеры.

«Гэта сведчыць, што бульбы павінна быць досыць», - сказаў Гракун.

На гэтых залатых словах кожнае дзяржаўнае сэрца магло б ужо і супакоіцца. Яно б і супакоілася. Калі б дэфіцыт бульбы не заўважыў Лукашэнка. Але, як сказаў «дэпутат» Гайдукевіч: «калі б гэтага не адбылося, не ўздымаў бы гэтую праблему Лукашэнка». А калі Лукашэнка заўважыў, значыць, у астатніх таксама не атрымаецца ігнараваць.

А калі ёсць праблема, і развязаць яе не атрымліваецца, то трэба хаця б знайсці вінаватых. Балазе сучасныя беларускія палітычныя тэорыі і практыкі не патрабуюць залішняй вынаходлівасці. Галоўнае - пільнасць.

«У мяне ёсць адчуванне, што гэта такая інфармацыйная дыверсія», — лічыць прапагандыст Казакоў.

На іншых дзяржаўных узроўнях сумневаў у тым, хто ва ўсім вінаваты, таксама няма. Трошкі вінаватыя, вядома, тыя хто вывозіў беларускую бульбу за мяжу. Але галоўныя ворагі акапаліся не там.

«Мы павінны людзям сказаць праўду. Тыя, хто сёння ў Польшчы, у Літве, паглядзіце, экстрэмісты, гэтыя тэлеканалы іх, экстрэмісцкія памыйніцы, так і Захад, палякі, літоўцы, палітыкі ўстцурбаваліся бульбай і цыбуляй Беларусі. Іх задача памяняць уладу», - патлумачыў усе таемныя спружыны палітыкі Алег Гайдукевіч.

Увогуле, ва ўсім вінаватыя ўцекачы і Захад, які далучыўся да іх. А беларускія чыноўнікі ні ў чым зусім не вінаватыя. І цяпер галоўнае - пераканаць у гэтым Лукашэнку. Каб кар'ерныя перспектывы не пацярпелі праз бульбяны дэфіцыт.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках