У 17-ы пакет санкцый ЕЗ супраць РФ уключаны Менскі завод колавых цягачоў
3- 20.05.2025, 15:58
- 4,926

Завод распрацоўвае вайсковую тэхніку Расеі.
ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў " (МЗКЦ) уключана ў зацверджаны 20 траўня Радай ЕЗ 17-ы пакет санкцый супраць Расеі ў сувязі з агрэсіяй ва Украіне, вынікае з дакумента, апублікаванага ў Афіцыйным часопісе Еўрапейскага Звязу.
У абгрунтаванні гаворыцца, што «Мінскі завод колавых цягачоў» — беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае вайсковую тэхніку для Узброеных Сіл РФ і падтрымлівае абараназдольнасць Расеі».
«Толькі ў 2024 годзе агульны аб'ём экспарту прадпрыемства склаў 306 вагонаў вайсковай тэхнікі, у асноўным пастаўленай расейскім прадпрыемствам, якія ўваходзяць у ваенна-прамысловы комплекс Расейскай Федэрацыі. У 2025 годзе прадпрыемства працягнула экспарт вайсковай тэхнікі ў Расейскую Федэрацыю», — адзначана ў дакуменце.
Такім чынам, гаворыцца ў абгрунтаванні, МЗКЦ «надае матэрыяльную падтрымку вайскова-прамысловаму комплексу Расеі і ўраду Расейскай Федэрацыі, які нясе адказнасць за анэксію Крыма і дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне».
ААТ «МЗКЦ» спецыялізуецца на вытворчасці вялікагрузных колавых транспартных сродкаў высокай праходнасці. Прадпрыемства ўжо знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ са снежня 2020 года, прынятымі за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.