У Нямеччыне трох чалавек абвінавачваюць у шпіянажы і падрыхтоўцы дыверсій у інтарэсах РФ
4- 20.05.2025, 16:09
- 2,778

Іх мэты ўключалі нафтаперапрацоўчы завод у Баварыі, склады DHL і многае іншае.
У Мюнхене пачаўся судовы працэс над трыма грамадзянамі з падвойным грамадзянствам - Нямеччыны і Расеі, абвінавачанымі ў шпіянажы на карысць Крамля і падрыхтоўцы дыверсій на крытычна важных аб'ектах вайсковай і прамысловай інфраструктуры, піша The Guardian (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле абвінавачання, трое падазраваных - Дытэр С. (меркаваны арганізатар), Аляксандр Й. і Алекс Д. - збіралі сакрэтную інфармацыю аб амерыканскім вайсковым палігоне ў Графенверы і нафтаперапрацоўчым заводзе ў Баварыі. Таксама яны планавалі тэракты і выбухі на аб'ектах, звязаных з падтрымкай Украіны, з мэтай аслабіць падтрымку Украіны з боку Нямеччыны.
Дытэр Ч. абвінавачваецца ў падрыхтоўцы падпалаў, арганізацыі выбухаў, здымцы ваенных аб'ектаў і сяюроўстве ў замежнай тэрарыстычнай арганізацыі. Паводле версіі следства, ён ваяваў на баку прарасейскіх сепаратыстаў у самаабвешчанай ДНР з 2014 года. Менавіта тады ён, як сцвярджаецца, пазнаёміўся з агентам расейскай выведкі, з якім вёў перамовы аб дыверсіях у Нямеччыне, пачынаючы з восені 2023 года. З сакавіка 2024 года яму, паводле звестак следства, сталі дапамагаць Аляксандр Й. і Алекс Д.
Двое апошніх прызналі асобныя эпізоды абвінавачвання, але адмаўляюць факт супрацоўніцтва з замежнай выведкай. Дытэр С. адхіляе ўсе вылучаныя супраць яго абвінавачванні.
Працэс праходзіць на фоне падвышанай увагі нямецкіх спецслужбаў да пагроз з боку замежных дзяржаў. На мінулым тыдні былі арыштаваныя трое грамадзян Украіны, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы дыверсій у інтарэсах Расеі - гаворка ішла аб выбухах на лагістычных аб'ектах і адпраўцы пасылак з выбухоўкай.
Паводле інфармацыі нямецкай пракуратуры, у апошнія месяцы ў Еўропе папярэджана некалькі падобных нападаў - пасля выбухаў пасылак на лагістычных складах DHL у Лейпцыгу (Нямеччына), Бірмінгэме (Вялікабрытанія) і Варшаве (Польшча).
Працэс у Мюнхене запланаваны на канец снежня.