Брытанская выведка: Расея ўсё больш падобная на герантакратыю
2- 20.05.2025, 16:54
- 6,078

Такім чынам Пуцін спрабуе забяспечыць уласнае палітычнае выжыванне.
Узрост большасці кіраўнікоў краіны-агрэсаркі Расеі перавышае сярэднюю працягласць жыцця мужчын у краіне, якая складае 68 гадоў, уключаючы 72-гадовага Уладзіміра Пуціна, заяўляе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі са спасылкай на звесткі выведкі.
Вайсковы кантракт сакратара Савета бяспекі РФ і экс-міністра абароны Сяргея Шайгу працягнулі яшчэ на 5 гадоў - да 2030 года, калі яму споўніцца 75 гадоў, гаворыцца ў паведамленні. Шайгу, які з'яўляецца блізкім паплечнікам Пуціна, прапусціў вайсковы парад да Дня Перамогі ў Маскве 9 траўня праз праблемы, звязаныя з сэрцам.
"Расейская дзяржава ўсё больш падобная на герантакратыю - форму праўлення, у якой старэйшыя кіраўнікі значна перавышаюць ва ўзросце большасць дарослага насельніцтва. Пуцін, з вялікай імавернасцю, імкнецца ўтрымліваць на кіроўных пасадах асабіста адданых хаўруснікаў, каб забяспечыць, як яму здаецца, стабільнасць рэжыму, а таксама ўласнае палітычнае выжыванне», – адзначае прэс-служба.
Прызначэнне на высокія пасады людзей старэйшага ўзросту, якія доўгі час дэманстравалі асабістую адданасць дыктатару, «відавочна, выклікае незадаволенасць і расчараванне сярод малодшага пакалення амбіцыйных патэнцыйных лідараў», інфармуе Мінабароны Вялікабрытаніі.
Акрамя гэтага, гэта істотна падрывае эфектыўнасць і выніковасць кіраўніцкіх пастаноў, якія, магчыма, прымаюць не самыя здольныя асобы, а тыя, хто ўжо даўно праявіў згоду і адданасць аўтарытарызму Пуціна, а таксама атрымлівае ад гэтага найбольшую выгаду, мяркуюць экспэрты.