9 чэрвеня 2025, панядзелак, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нанесены скрышальны ўдар па «ценявым флоце» РФ

20
Нанесены скрышальны ўдар па «ценявым флоце» РФ

Сотні суднаў і іх заступнікі зараз пад санкцыямі.

Еўрапейскі Звяз і Вялікая Брытанія ў аўторак абвясцілі аб новых санкцыях у дачыненні да Расеі, накіраваных супраць так званага «ценявога флоту» - суднаў, якія выкарыстоўваюцца для незаконнага транспартавання расейскай нафты і газу ў абыход заходніх абмежаванняў, уведзеных праз вайну ва Украіне, піша France24 (пераклад - сайт Charter97.org).

ЕЗ унёс у санкцыйны спіс 189 такіх суднаў, абвінаваціўшы іх у парушэнні нафтавага эмбарга. Акрамя гэтага, былі ўведзеныя замарожванні актываў і забароны на ўезд для шэрагу расейскіх чыноўнікаў і кампаній, у тым ліку замежных арганізацый, якія садзейнічаюць функцыянаванню флоту. Усяго пад санкцыі Еўразвяза цяпер падпадае амаль 350 суднаў, звязаных з «ценявымі» пастаўкамі энэрганосьбітаў і, паводле звестак украінскіх уладаў, таксама з вывазам скрадзенага збожжа з акупаваных тэрыторый.

Кіраўніца замежнапалітычнага ведамства ЕЗ Кая Калас заявіла, што «Пуцін толькі імітуе імкненне да міру, у той час як Еўропа рыхтуе новыя захады ціску», падкрэсліўшы, што адказнасць панясуць не толькі ўлады РФ, але і ўсе, хто спрыяе іх дзеянням.

Паводле ацэнак аналітыкаў і экспертаў, такіх як агенцтва S&P Global і Інстытут эканомікі Кіева, «ценявы флот» уключае больш за 400-500 састарэлых суднаў з неўстаноўленым правам уласнасці і сумнеўным узроўнем бяспекі.

Некаторыя з гэтых суднаў падазраюцца ва ўдзеле ў пашкоджанні падводнай інфраструктуры: у снежні мінулага года фінская паліцыя затрымала танкер Eagle S паводле падазрэння ў пашкоджанні энэргетычнага кабелю Estlink 2 паміж Фінляндыяй і Эстоніяй.

ЕЗ таксама наклаў санкцыі на кампаніі, у тым ліку страхавыя арганізацыі, з ААЭ, Турцыі і Ганконга, якія, як сцвярджаецца, забяспечваюць дзейнасць «ценявога флоту».

Адначасова з гэтым Вялікая Брытанія абвясціла аб увядзенні амаль 100 новых санкцый, уключаючы абмежаванні ў дачыненні да 18 расейскіх суднаў. Пад удар трапілі таксама прадпрыемствы, якія падтрымліваюць вайсковую прамысловасць РФ, фінансавыя структуры і пастаўшчыкі кампанентаў для ракет «Іскандэр», якія выкарыстоўваюцца для нанясення ўдараў па цывільных аб'ектах ва Украіне.

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі падкрэсліў, што «новыя атакі Пуціна паказваюць яго сапраўдную сутнасць агрэсара», і зноў заклікаў да неадкладнага і поўнага спынення агню для пачатку перамоў аб «справядлівым і ўстойлівым міры».

З моманту пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны 24 лютага 2022 года Еўрапейскі Звяз ужо ўвёў санкцыі прыкладна супраць 2400 фізічных і юрыдычных асоб - ад банкаў і дзяржаўных органаў да прадпрыемстваў абароннага комплексу.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках