Украіна заклікала ЕЗ знізіць гранічны кошт расейскай нафты да $30 за барэль
5- 20.05.2025, 18:12
- 2,002

Кіраўнік МЗС Украіны папрасіў узмацніць эканамічны ціск на Крэмль.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заклікаў Еўрапейскі Звяз узмацніць эканамічны ціск на Расею, прынамсі, знізіць гранічную цану расейскай нафты да $30 за барэль. Аб гэтым ён заявіў у Брусэлі перад пасяджэннем Рады міністраў замежных спраў ЕЗ, паведамляе УНІАН. «Еўразвязу трэба выйсці за межы 17-га пакета санкцый супраць Расеі. Лімітавы кошт расейскай нафты павінен складаць 30 даляраў», - падкрэсліў Сібіга.
З яго слоў, далейшае ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў неабходнае, бо Уладзімір Пуцін прадаўжае вайну і паказвае, што спыняць яе не збіраецца. «Еўропе неабходная поўная дыпламатычная мабілізацыя, каб стрымаць расейскую агрэсію і аднавіць мір на кантыненце. Украіна не з'яўляецца перашкодай на шляху да заканчэння вайны», - дадаў ён.
З ініцыятывай перагляду дзейнай нафтавай столі раней выступіў і еўракамісар у эканоміцы Валдзіс Дамброўскіс. Ён паведаміў, што на будучай сустрэчы міністраў фінансаў краін «Вялікай сямёркі» (G7) мае намер афіцыйна ўнесці прапанову аб зніжэнні гранічнай цаны расейскай нафты, якая цяпер устаноўленая на ўзроўні $60 за барэль. Хоць дакладныя параметры Дамброўскіс не назваў, суразмоўцы Reuters, знаёмыя з ходам перамоў, паведамілі, што Еўрапейская камісія абмяркоўвае план паніжэння коштавай столі да $50 за барэль.
20 траўня Рада ЕЗ афіцыйна зацвердзіла 17-ы пакет антырасейскіх санкцый. У ліку новых захадаў - абмежаванні супраць амаль 200 расейскіх танкераў, якія ўваходзяць у так званы «ценявы флот». Санкцыі закранулі і шэраг расейскіх кампаній, у тым ліку «Сургутнафтагаз», страхавую кампанію ВСК, а таксама «Цэнтр комплексных беспілотных развязанняў», які займаецца распрацоўкай вайсковых дронаў.
У Еўразвязе ўжо анансавалі 18-ы пакет санкцый супраць Расеі. Як заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, ён будзе ўключаць захады супраць газаправодаў «Паўночны струмень», а таксама зніжэнне лімітавай цаны расейскай нафты. «Пуцін не хоча міру, таму мы абавязаныя ўзмацняць ціск», – заявіла яна.
Паралельна з Еўразвязам узмацніла жорсткасць сваіх санкцый і Вялікая Брытанія. Паводле паведамлення брытанскага ўрада, пад абмежаванні патрапілі: Агенцтва страхавання фундушаў (АСВ); Санкт-Пецярбуржская валютная біржа; кампанія «А7», створаная пры ўдзеле банка ПСБ для забеспячэння разлікаў у замежнаэканамічнай дзейнасці; дыстрыбутар электронных кампанентаў «МТ-Сістэмс»; НКА «Пецярбуржскі разліковы цэнтр». Таксама Лондан увёў санкцыі супраць шэрагу рэгістратараў і дэпазітарыяў, уключаючы «Сургуцінвестнафту», «ВТБ Рэгістратар», «ВТБ Спецыялізаваны дэпазітарый» і «Р.О.С.Т.». Акрамя таго, у спіс патрапілі 18 суднаў расейскага «ценявога флоту».