Рубіё: ЗША не спынялі пастаўкі зброі Украіне
- 20.05.2025, 19:49
- 2,814

Вашынгтон працягвае ўжо ўзгодненыя Кангрэсам пастаўкі.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што вайсковая дапамога Украіне не спынялася. Вашынгтон працягвае ўжо ўзгодненыя Кангрэсам пастаўкі, але пакуль не прынятая пастанова аб запыце сродкаў на іншыя пакеты дапамогі.
«Гэтая праграма не была скасаваная. Яны працягваюць атрымліваць зброю», - сказаў Марка Рубіё на слуханнях у Сенаце. «Белы дом павінен прыняць пастанову аб тым, ці звяртацца ў Кангрэс па дадатковае фінансаванне. Але ўсё, што было зацверджанае і выдзеленае Кангрэсам, працягвае накіроўвацца», - падкрэсліў дзяржсакратар ЗША.
Украінскія ўлады паведамлялі, што пастаўкі дапамогі, зацверджаныя яшчэ за адміністрацыяй Джо Байдэна, скончацца ўлетку 2025 года. У офісе Уладзіміра Зяленскага сцвярджалі, што пакуль пытанне аб новых пакетах дапамогі з Вашынгтонам не абмяркоўвалася.