Энтамолаг папярэдзіла пра пік кляшчоў у адной вобласці Беларусі
9- 20.05.2025, 20:08
- 9,630

Будзьце асцярожныя.
Энтамолаг Гарадзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна Слізевіч паведаміла, што на сёння ў рэгіёне назіраецца пік кляшчоў – патэнцыйных пераносчыкаў энцэфаліту. Пры гэтым кожны трэці пацярпелы, паводле словаў спецыялісткі, – дзіця.
Так, за студзень – травень сёлета ў паліклінікі звярнуліся больш як 800 жыхароў Гарадзеншчыны, прычым блізу 100 выпадкаў было зафіксавана толькі за апошні тыдзень. Паводле звестак энтамолагаў, якія прывёў мясцовы тэлеканал «Беларусь 4. Гродна», найбольшая колькасць кляшчоў сустракалася ў лесе (50% выпадкаў) і на лецішчах (40%).
«Цяпер назіраецца пік актыўнасці кляшчоў, што звязана са спрыяльнымі ўмовамі надвор'я. Паводле прагнозаў, за сезон пацерпіць да 6 тысячаў чалавек», – адзначыла Валянціна Слізевіч і дадала, што кожны чацвёрты з абследаваных крывасмокаў з'яўляецца пераносчыкам інфекцый. Пры выяўленні прысмактанага кляшча неабходна як мага хутчэй звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Інакш гэта можа мець наступствы.