«Шайгу знаходзіцца ў лякарні з вострай сардэчнай недастатковасцю»
40- 21.05.2025, 7:30
- 21,062

Экс-кіраўнік Мінабароны РФ - у глыбокай няміласці.
У экс-міністра абароны РФ, кіраўніка расейскага Савета Бяспекі Сяргея Шайгу, мяркуючы з усяго, вялікія праблемы. Яго клан разгромлены, сам ён можа апынуцца неўзабаве на лаве падсудных, піша «Дыялог».
Z-блогер, удзельнік вайны супраць Украіны Міхаіл Палынкоў сцвярджае, што Шайгу зацікавіліся расейскія праваахоўнікі, у сувязі з чым здароўе экс-міністра пахіснулася.
«Атачэнне Шайгу сядзіць. Была інфармацыя, што напярэдадні 9 траўня Шайгу выклікалі на допыт, і ён цяпер знаходзіцца ў шпіталі з вострай сардэчнай недастатковасцю», — паведаміў прапагандыст.
Пацверджання гэтай інфармацыі няма. Аднак Шайгу не прысутнічаў на вайсковым парадзе ў Маскве 9 траўня, што з'яўляецца вельмі паказальным.
Ёсць яшчэ адзін факт, які паказвае на праблемы экс-міністра. Пра яго расказаў уплывовы расейскі Telegram-канал «ВЧК-ОГПУ», які звязваюць з расейскімі спецслужбамі.
«З дошкі Гонару кіраўніцтва МНС у цэнтральным будынку міністэрства ў Маскве зніклі імёны трох першых міністраў, у ліку якіх Сяргей Шайгу, (...), далей яго пастаянны намеснік Руслан Цалікаў, які кіраваў міністэрствам пяць дзён у траўні 2012 і Уладзімір Пучкоў, які прасядзеў у міністэрскім крэсле шэсць гадоў. Цяпер сучасная гісторыя расейскіх ратавальнікаў пачынаецца з кіравання былога ахоўніка Пуціна Яўгена Зінічава ... Шайгу і Цалікаў цяпер у глыбокай няміласці», - напісаў рэсурс.