3 чэрвеня 2025, aўторак, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент заклікае вызваліць усіх беларускіх палітвязняў

6
Еўрапарламент заклікае вызваліць усіх беларускіх палітвязняў

Лукашэнка павінен паўстаць перад судом.

Старшыня Камітэта ў замежных справах Еўрапейскага парламента Дэвід Макалістэр, кіраўніца дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска і яе намеснікі Томас Тобэ і Міхал Кабаска выступілі з супольнай заявай з нагоды Дня салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Сайт Charter97.org падае заяву цалкам:

— 21 траўня 2021 года Вітольд Ашурак, актывіст «Беларускага Народнага Фронту» і каардынатар апазіцыйнага руху «За Свабоду», памёр у беларускай калоніі ў Шклове пры нявысветленых дагэтуль абставінах, адбываючы пяцігадовы турэмны тэрмін. Яго імкненне служыць беларускаму народу трагічна перапынілася. Як і тысячы іншых нявінных беларусаў, чыя адзіная мара — жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне, ён быў несправядліва асуджаны за «ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і ўзяты пад варту.

У гэты дзень салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі мы ўспамінаем Вітольда Ашурка, а таксама шасцярых іншых вязняў сумлення, якія загінулі ў беларускіх турмах з 2021 года: Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько, Ігара Ледніка, Аляксандра Кулініча і Дзмітрыя Дудойця.

Мы заяўляем аб нашай непахіснай падтрымцы амаль 1200 палітычных зняволеных, якія знаходзіцца ў бесчалавечных умовах у папраўчых установах рэжыму Лукашэнкі. Яны рэгулярна зазнаюць катаванні, збіццё, супраць іх выкапрыстоўваюць электрычны ток, утрымліваюць у поўнай ізаляцыі, іх пазбаўляюць медыцынскай дапамогі, яны сутыкаюцца з прыніжальным годнасць і жорсткім абыходжаннем.

Адвольныя арышты і палітычна матываваныя затрыманні сталі асноўным інструментам здушэння іншадумства з боку рэжыму Лукашэнкі. Тысячы грамадзян Беларусі сталі ахвярамі сфабрыкаваных палітычных абвінавачванняў і апынуліся ва ўмовах зняволення, разлічаных на маральнае здушэнне і прыніжэнне. Масавыя рэпрэсіі вымусілі многіх пакінуць краіну. Знаходзячыся ў выгнанні, іх працягваюць пераследваць завочна, а іх маёмасць канфіскуюць. Сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія чыніць рэжым Лукашэнкі (некаторыя з якіх могуць кваліфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасці) не павінны застацца беспакаранымі.

Мы заклікаем Еўрапейскі Звяз і яго дзяржавы-чальцы ўвесці адрасныя санкцыі супраць усіх, хто мае дачыненне да пераследу, вынясення прысудаў і здзекаў — аж да гібелі — палітычных зняволеных. Усе вінаватыя павінны панесці пакаранне. Суўдзел Лукашэнкі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны толькі падкрэслівае неадкладнасць гэтых захадаў. У гэтым кантэксце мы станоўча ацэньваем афіцыйнае адабрэнне ў дачыненні да ўстановы трыбунала ў расследаванні злачынства агрэсіі супраць Украіны. Справядлівасць павінна перамагчы, і тыя, хто нясе адказнасць за злачынствы супраць украінскага народа, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, павінны паўстаць перад судом.

Мы зноў пацвярджаем нашу непахісную прыхільнасць суверэннай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Пакуль гэты дзень не наступіць, галасы тых, хто апынуўся ў турме за абарону фундаментальных правоў і дэмакратычных каштоўнасцяў, не павінны быць забытыя. Мы заклікаем рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць рэпрэсіі і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных. Мы працягнем шчыльна супрацоўнічаць з дзяржавамі-чальцамі ЕЗ, інстытутамі ЕЗ і міжнароднымі партнёрамі для дасягнення гэтай мэты.

Права беларускага народа самастойна вызначаць сваю будучыню неабходна паважаць. Гэта наша агульная адказнасць - падтрымаць іх законнае імкненне жыць свабодна, з годнасцю і з поўнай павагай да правоў чалавека.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках