Электронік і Сыраежкін на вайне супраць Украіны: расейскія акторы сталі «генераламі-казакамі»
41- 21.05.2025, 15:19
- 24,178

Браты з культавага ў СССР фільма прызналіся, што ўдзельнічаюць у агрэсіі РФ.
Героі культавага музычнага дзіцячага фільма 1980 года, знятага ў Адэсе, блізняты Юрый і Уладзімір Тарсуевы з сімвалаў дружбы і бесклапотнага дзяцінства ператварыліся ў добраахвотнікаў расейскага войска, якое ўжо больш за дзесяць гадоў вядзе вайсковую агрэсію супраць Украіны, паведамляе Dialog.UA.
Фільм "Прыгоды Электроніка" стаў знакавым для некалькіх пакаленняў дзяцей у СССР. У цэнтры сюжэту кінастужкі робат Электронік і яго чалавечы правобраз, школьнік Сыраежкін, якіх згулялі браты-блізняты Юрый і Уладзімір Тарсуевы.

Тады яны ўвасаблялі вернасць, дабро і прыгоды, а сёння гэта генералы-казакі войска РФ.
У інтэрв'ю аднаму з расейскіх выданняў 59-гадовыя браты расказалі, што ваююць на баку РФ на Данбасе з 2014 года. Больш за тое, яны сцвярджаюць, нібыта з'яўляюцца генераламі нейкага казацкага падраздзялення.
Юрый Тарсуеў заявіў, што яны часта бываюць у розных падраздзяленнях на «СВА» і выконваюць пэўныя задачы, якія ставіць камандаванне. А Уладзімір дадаў: «Мой брат — добры баец, добры камандзір, добры генерал».
Нягледзячы на ўдзел у вайне супраць Украіны, яны адкрыта прызнаюць свае карані, звязаныя з украінскай зямлёй. Уладзімір распавёў, што па матчынай лініі іх бабуля была ўкраінкай, а дзед працаваў галоўным інжынерам на шахце ў Данецку. Маці родам з Дняпра, Адэсу браты называюць родным горадам, а ў Кіеве ў іх дагэтуль жывуць сваякі.