У Беларусі рыхтуюць новую базу звестак пра грамадзян
7- 21.05.2025, 16:05
- 13,286

Чыноўнікі хочуць увесці змены ў паштовай дзейнасці.
20 траўня зацверджаны законапраект, якім чыноўнікі хочуць увесці змены ў паштовай дзейнасці. Сярод іншага яны маюць намер запусціць спецыяльную базу звестак аб паштовых адпраўленнях і выдачу сілавікам 24-гадзіннага доступу да яе. Раней законапраект зацвердзіў «парламент». Цяпер слова за Аляксандрам Лукашэнкам, які можа як ухваліць яго, так і адправіць на дапрацоўку.
Як удакладняюць у «Савеце Рэспублікі», дакумент прадугледжваестварэнне адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і захоўвання звестак аб перамяшчэнні паштовых адпраўленняў. Таксама чыноўнікі хочуць вызначыць уладальніка і аператара гэтай базы, яе карыстальнікаў, абавязкі перадачы інфармацыі ў сістэме і парадку доступу да яе».
Законапраектам прадугледжана што «Белпошта» павінна стварыць і запусціць спецыяльную базу ўліку і захоўвання звестак аб перамяшчэнні паштовых адпраўленняў. У яе, як плануецца, будуць уносіць інфармацыю аб пасылках кліентаў.
Пры гэтым «Белпошта» павінна забяспечваць кругласутачны доступ да сістэмы ўліку і захоўвання звестак органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць. Відавочна, гаворка пра тое, каб даць сілавікам доступ да гэтай базы ў рэжыме 24/7, каб яны маглі ў любы час дня атрымліваць адтуль звесткі.
«Пашыраецца пералік суб'ектаў, якія маюць права на кругласутачны доступ, уключаючы аддалены, да сістэмы ўліку і захоўвання звестак, з ліку дзяржаўных органаў, якія не ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, з улікам дадзенага заканадаўствам права гэтым дзяржаўным органам атрымліваць звесткі з інфармацыйных рэсурсаў і мець доступ да іх», — тлумачылі раней у «парламенце».
Пры гэтым аператар паштовай сувязі абавязаны будзе перадаваць у гэтую сістэму ўліку і захоўвання звестак інфармацыю аб зарэгістраваных адпраўленнях. Гаворка ў тым ліку аб адрасных звестках іх адпраўнікаў і адрасатаў.