Наступ расейскага войска замарудзіўся ўтрая
4- 21.05.2025, 19:21
- 6,736

Насуперак патрабаванню Пуціна захапіць больш тэрыторый.
У 2025 годзе расейскія войскі дабіліся толькі нязначных тэрытарыяльных поспехаў ва Украіне, нягледзячы на імкненне Уладзіміра Пуціна да канца года ўстанавіць поўны кантроль над чатырма часткова акупаванымі ўкраінскімі абласцямі - Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на звесткі аналітычнага праекту DeepState.
Паводле гэтых звестак, са студзеня 2025 года расейскае войска захапіла толькі 0,15% украінскай тэрыторыі. Тэмпы наступлення на ўсходзе Украіны ўпалі ўтрая ў параўнанні з канцом 2024 года. Калі тады расейскія войскі штотыдзень прасоўваліся прыкладна на 125 кв. км, то зараз паказчык упаў да 41 кв. км за тыдзень. Нягледзячы на колькасную перавагу, расейскія ўзброеныя сілы застаюцца далёкія ад дасягнення ваенных мэт Пуціна, адзначае агенцтва.
Як заявіў старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі за міжнародны мір Эрык К'ярамела, меркаванне Пуціна аб магчымасці хуткага захопу ўсіх чатырох абласцей не мае пад сабой рэальных падстаў. Ён адзначыў, што магутная ўкраінская абарона дазваляе УСУ стрымліваць націск, у выніку чаго Расея дасягае толькі «лакальных тактычных поспехаў».
Раней крыніцы, блізкія да Крамля, паведамілі Bloomberg, што Уладзімір Пуцін па-ранейшаму перакананы ў здольнасці расейскага войска прарваць украінскую абарону і скончыць захоп усіх заяўленых тэрыторый да канца гэтага года. Са слоў суразмоўцаў агенцтва, Пуцін гатовы да зацяжной вайны і не ўспрымае сур'ёзна пагрозу ўзмацнення заходніх санкцый.
Пры гэтым, паводле інфармацыі крыніцы Bloomberg, блізкай да Мінабароны РФ, нават унутры расейскай сістэмы абароны ёсць сумневы ў тым, што пастаўленыя Пуціным мэты дасягальныя. З яго слоў, выкарыстанне ўкраінскіх беспілотнікаў робіць маштабныя наступальныя аперацыі не толькі амаль немагчымымі, але і празмерна затратнымі. Аналагічнага пункта гледжання прытрымліваюцца і заходнія вайсковыя аналітыкі. Так, старэйшы эксперт па наземных войнах Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Бэн Бары заявіў, што «калі б украінская абарона абрынулася, у Расеі сапраўды была б перавага, але ў цяперашніх варунках такі сцэнар вельмі малаімаверны».
На першых з 2022 года наўпроставых перамовах Расеі і Украіны, якія прайшлі 16 траўня ў Стамбуле, Масква, паводле звестак The Economist, выставіла ўльтыматум: вывесці ўкраінскія войскі з тэрыторый чатырох абласцей, якія Расея абвясціла сваімі. Кіраўнік расейскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі, паводле інфармацыі выдання, пры гэтым сцвярджаў, што РФ гатовая «ваяваць бясконца».
Паводле ацэнак аналітыкаў ISW (Institute for the Study of War), да траўня 2025 пад кантролем Расеі знаходзіцца менш за 20% тэрыторыі Украіны. Гэтая лічба ўключае ў сябе Крым, а таксама тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР». Аднак амаль усе гэтыя тэрыторыі былі занятыя ў першыя тыдні поўнамаштабнага ўварвання ці ў 2014 годзе. Пры гэтым у пікавы момант наступу ў 2022 годзе расейскае войска кантралявала да 27% тэрыторыі Украіны.
Цяпер, на падлікі Reuters на аснове звестак ISW, практычна ўся Луганская вобласць знаходзіцца пад кантролем расейскіх сіл, а таксама прыкладна 70% Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. За ўвесь 2024 пад кантроль Расеі перайшлі 4168 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі - у асноўным гэта сельская мясцовасць і маланаселеныя пункты.
Аднак гэтыя «поспехі» былі дасягнуты высокай цаной. Паводле звестак ISW, за той жа перыяд расейскае войска страціла амаль 420 тысяч чалавек забітымі і параненымі, што ў пераліку складае прыкладна 102 чалавекі на кожны захоплены квадратны кіламетр. Найбольш інтэнсіўныя баі вяліся ў перыяд з верасня да лістапада 2024 года: тады Расея забяспечыла 56,5% ад усіх сваіх заваёў за год, страціўшы пры гэтым 125 800 вайскоўцаў.