Нафты ў Расеі засталося менш чым на 30 гадоў
4- 21.05.2025, 19:48
- 5,554

Сыравінны дабрабыт РФ набліжаецца да фіналу.
Нафтавы дабрабыт, у якім з сярэдзіны мінулага стагоддзя жыве Расея, прадаючы за мяжу «чорнае золата» і закупляючы ў абмен тэхналогіі і шырспажыў, з пагрозлівай хуткасцю набліжаецца да фіналу.
Выведаных запасаў нафты ў РФ выстарчыць толькі на 26 гадоў здабычы, паведаміў на ўрадавай гадзіне ў Дзяржаўнай думе ў сераду кіраўнік Мінпрыроды РФ Аляксандр Казлоў.
Са слоў Казлова, якога цытуе РІА «Новости», агульныя запасы нафты ў Расеі ацэньваюцца на 31 млрд тон. Аднак рэнтабельная з іх толькі траціна - 13 млрд тон. Цяпер нафтавыя кампаніі штогод выпампоўваюць з нетраў блізу 500 млн тон нафты.
Акрамя разведаных запасаў, на тэрыторыі Расеі знаходзіцца 95 млрд тон «рэсурсаў нафты», сказаў Казлоў. «Але асаблівасць у тым, што іх значная частка – цяжкадаступныя», - удакладніў міністр.
Згодна з Энэргастратэгіяй да 2050 года, якую ў красавіку зацвердзіў урад, ужо ў найбліжэйшыя гады здабыча нафты ў краіне можа пачаць імкліва падаць. У інэрцыйным сцэнары з існых 530-540 млн тон за год знізіцца да 477 млн тон да 2036 года, а да 2050-га - да 287 млн тон. Экспарт нафты пры гэтым давядзецца скараціць утрая - з 234 да 79 млн тон на год, паведамляе The Moscow Times.
У «стрэс-сцэнары», які ўключае ўзмацненне заходніх санкцый і паскораную адмову свету ад вуглевадародаў, да 2050 года Расея будзе здабываць толькі 171 млн тон нафты штогод - утрая менш, чым цяпер. А барэляў для экспарту не застанецца зусім: яго аб'ём апусціцца да нуля.
Каб хаця б утрымліваць існы ўзровень нафтаздабычы («мэтавы сцэнар»), краіне патрабуюцца значныя інвестыцыі, а таксама дасягненне «тэхналагічнага суверэнітэту», гаворыцца ў стратэгіі. Увогуле, згодна з дакументам, трэба правесці «замяшчэнне» больш чым 1500 пазіцый «крытычна неабходнага абсталявання».
Цяпер, паводле ацэнак Мінпрыроды, доля імпартнага свідравога абсталявання, а таксама аналітычнага ПЗ для здабычы карысных выкапняў у краіне перавышае 90%. Акрамя таго, імпартнымі застаюцца 50% горных машын, якія выкарыстоўваюцца здабыўнымі кампаніямі, і 30% наземнага геафізічнага абсталявання. Крыху меншая залежнасць ад імпарту абсталявання для тэхналагічных даследаванняў руд (20%) і геафізічнага абсталявання для даследавання свідравін (10%).