ЗША афіцыйна прынялі ад Катара «лётны палац» для Трампа
10- 21.05.2025, 21:10
- 7,312

Самалёт каштуе блізу $200 мільёнаў.
Злучаныя Штаты атрымалі рэактыўны самалёт Boeing 747 у падарунак ад ураду Катара. Цяпер Ваенна-паветраныя сілы павінны хутка яго абнавіць, каб выкарыстоўваць як новы самалёт Air Force One для прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Пра гэта ў сераду, 21 траўня, паведаміў прадстаўнік Пентагона Шон Парнэл, піша The New York Times.
«Міністр абароны прыняў Boeing 747 з Катара ў адпаведнасці з усімі федэральнымі правіламі і нормамі. Міністэрства абароны будзе працаваць над тым, каб забяспечыць належныя захады бяспекі і ўзяць да ўвагі функцыянальныя патрабаванні да самалёта, які выкарыстоўваецца для перавозкі прэзідэнта Злучаных Штатаў», – заявіў Парнэл.
Самалёт, які каштуе блізу 200 мільёнаў даляраў, запатрабуе значных дапрацовак, перш чым яго можна будзе ўважаць за даволі бяспечны для перавозкі Трампа, прызналі прадстаўнікі Пентагона.
«Любы цывільны самалёт запатрабуе для гэтага значных мадыфікацый. Цяпер мы не разглядаем, што трэба для гэтага канкрэтнага самалёта», – заявіў у аўторак падчас выступу ў Сенаце Трой Майнк, міністр ВПС ЗША.
Гэты план выклікаў непакой сярод чальцоў Кангрэса, піша NYT. Яны баяцца, што Трамп можа ціснуць на Ваенна-паветраныя сілы ЗША, каб мадэрнізацыю самалёта правялі занадта хутка, чаму могуць не паспець усталяваць важныя сістэмы бяспекі – сярод іншага, супрацьракетную абарону або абарону ад электрамагнітнага імпульсу пасля ядзернага выбуху.
Сенатарка-дэмакратка ад Ілінойса Тамі Дакварт заявіла падчас слуханняў, што яе непакоіць магчымы ціск на вайскоўцаў скараціць выдаткі на бяспеку, калі Трамп будзе настойваць, каб самалёт быў гатовы як Air Force One ужо да 2029 года.
Гэты падарунак таксама выклікаў пытанні як у дэмакратаў, так і ў рэспубліканцаў у Кангрэсе, якія занепакоеныя тым, што Катар можа спрабаваць неналежным чынам паўплываць на Трампа ці што сам самалёт можа мець прылады для праслухоўвання, піша выданне.