11 чэрвеня 2025, Серада, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Украіна распрацавала для ЕЗ жорсткі план ціску на Расею

1
Reuters: Украіна распрацавала для ЕЗ жорсткі план ціску на Расею

Гэта арышт расейскіх актываў і ўвядзенне санкцый для пакупнікоў расейскай нафты.

На наступным тыдні Украіна папросіць Еўразвяз разгледзець новыя маштабныя крокі для ізаляцыі Масквы, уключаючы арышт расейскіх актываў і ўвядзенне санкцый для пакупнікоў расейскай нафты.

Як піша Reuters, гэта адбудзецца праз тое, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад узмацнення антырасейскіх санкцый. Выданне адзначыла, што ў дакуменце, які будзе перададзены ЕЗ, ёсць заклік заняць больш агрэсіўную і незалежную пазіцыю па санкцыях супраць РФ, бо роля ЗША ў гэтым працэсе стала нявызначанай.

У 40-старонкавым дакуменце ёсць рэкамендацыя прыняць заканадаўства, якое паскорыць арышт актываў ЕЗ у расейцаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, і адправіць іх Украіне. Тыя, хто знаходзіцца пад санкцыямі, затым змогуць запатрабаваць кампенсацыю ад РФ.

ЕЗ варта разгледзець шэраг крокаў, каб санкцыі выкарыстоўваліся больш жорстка за межамі яго ўласнай тэрыторыі, уключаючы нацэльванне на замежныя кампаніі, якія выкарыстоўваюць яго тэхналогіі для дапамогі Расеі, і «ўвядзенне другасных санкцый у дачыненні да пакупнікоў расейскай нафты».

«Такія другасныя санкцыі, якія могуць ударыць па буйных пакупніках, такіх як Індыя і Кітай, стануць важным крокам, на які Еўропа дагэтуль не наважылася. Трамп публічна абмяркоўваў гэта, перш чым прыняць пастанову не ўводзіць іх на гэты момант», - падкрэсліла выданне.

Таксама ў дакуменце змяшчаецца заклік уводзіць санкцыі такім чынам, каб іх не змагла заблакаваць асобная дзяржава – сябар ЕЗ.

Нагадаем, пасля размовы з Пуціным у панядзелак Трамп пастанавіў не ўводзіць новыя санкцыі супраць РФ, разбіўшы надзеі еўрапейскіх лідараў і Украіны.

Выданне адзначыла, што ЕЗ і Вялікая Брытанія ўвялі дадатковыя санкцыі супраць Расеі ў аўторак. Пры гэтым там усё яшчэ спадзяюцца, што ЗША далучацца да іх, але адкрыта абмяркоўваюць спосабы, якімі яны могуць ціснуць на РФ і без Вашынгтона.

Журналісты акцэнтавалі, што публічна Украіна спрабавала пазбягаць усякага намёку на крытыку Вашынгтона з таго часу, як прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пасварыўся з Трампам у канцы лютага ў Белым доме.

Цяпер жа ў Белай кнізе па санкцыях падкрэсліваецца патэнцыял ЕЗ, а таксама змяшчаецца суворая ацэнка прыхільнасці адміністрацыі Трампа намаганням па каардынацыі.

«Сёння на практыцы Вашынгтон спыніў удзел амаль ва ўсіх міжурадавых платформах, засяроджаных на санкцыях і экспартным кантролі», - гаворыцца ў ёй.

Вашынгтон запаволіў працу ў групе маніторынгу па забеспячэнні захавання цэнавых абмежаванняў на расейскую нафту, распусціў федэральную мэтавую групу, засяроджаную на пераследзе парушэнняў санкцый, і перанакіраваў значную колькасць экспертаў па санкцыях у іншыя сектары.

У дакуменце зазначаецца, што былі распрацаваныя два патэнцыйна буйныя пакеты санкцый ЗША — адзін урадам, а другі — пратрампаўскім сенатарам Ліндсі Грэмам, — але «незразумела», ці падпіша Трамп кожны з іх.

Нявызначанасць у дачыненні да пазіцыі ЗША замарудзіла тэмпы эканамічных контрзахадаў і шматбаковай каардынацыі, але «не павінна падахвочваць Еўрапейскі Звяз аслабляць санкцыйны ціск. Наадварот, гэта павінна заахвоціць ЕЗ узяць на сябе вядучую ролю ў гэтай галіне», - гаворыцца ў ім.

«Украіна занепакоеная тым, што адыход Вашынгтона ад заходняга кансэнсусу па санкцыях можа таксама выклікаць ваганні ў ЕЗ», - адзначыла выданне.

«Выхад Амерыкі з рэжыму санкцый (быў бы) велізарным ударам па адзінстве ЕЗ. Велізарным», - сказаў Reuters высокапастаўлены чыноўнік украінскага ўрада»

Як растлумачыла выданне, ЕЗ не можа цалкам замяніць вагу ЗША ў эканамічным ціску на РФ. Большая частка ўздзеяння санкцый ЗША зыходзіць з дамінавання даляра ў сусветным гандлі, з якім еўра не можа параўнацца.

Аднак, як падкрэсліў энэргетычны эксперт па РФ у Цэнтры Дэвіса ў Гарвардзе Крэйг Кэнэдзі, змякчэнне санкцый ЗША ў дачыненні да Расеі не прывядзе да значнага вяртання замежных інвестараў і інвестыцый, калі Еўропа будзе цвёрда стаяць на сваім.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках