Нямеччына павялічвае колькасць танкавай брыгады ў Літве
6- 22.05.2025, 9:12
- 2,828

Для стрымлівання Расеі і Лукашэнкі.
Нямеччына нарошчвае колькасць сваёй танкавай брыгады ў Літве для ўмацавання ўсходняга фланга NATO. Еўрапейскія хаўруснікі робяць беспрэцэдэнтныя крокі па стрымліванні ўсё больш варожай Расеі.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Канцлер Фрыдрых Мэрц і міністр абароны Борыс Пісторыус сёння возьмуць удзел у першай урачыстай пабудове 45-й танкавай брыгады ў цэнтры літоўскай сталіцы Вільні.
Нямеччына мае намер скончыць фармаванне брыгады да канца 2027 года, з колькасцю асабовага складу да 5000 чалавек. Гэта будзе першая стала размешчаная танкавая брыгада краіны за мяжой з часоў Другой сусветнай вайны.
Нямеччына замяняе ЗША
Паколькі чакаецца, што ЗША адмовяцца ад абавязацельстваў па бяспецы ў Еўропе за прэзідэнтам Дональдам Трампам, Нямеччына паабяцала адыгрываць больш актыўную ролю ў абароне кантынента. Новы правацэнтрысцкі канцлер паабяцаў ператварыць нямецкае войска з адсталага ў наймацнейшае традыцыйнае войска Еўропы.
Пастанова аб размяшчэнні цэлай брыгады ў Літве было прынятая ў рамках перагляду абароннай пазіцыі NATO пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе. Яна была прынятая пасля некалькіх месяцаў ціску з боку ўрада прыфрантавой балтыйскай краіны, заціснутай паміж расейскім эксклавам Калінінградам і хаўруснікам Крамля Лукашэнкам.
Чакаецца, што Мэрц паўторыць пасланне свайго папярэдніка Олафа Шольца, які падчас візіту ў рэгіён летась паабяцаў, што Нямеччына будзе абараняць «кожны лапік тэрыторыі» сваіх трох хаўруснікаў па НАТА ў краінах Балтыі ў выпадку нападу Расеі.
Танкавая брыгада
Паводле звестак Міністэрства абароны, зараз на аб'екце знаходзяцца блізу 400 нямецкіх жаўнераў, а да канца гэтага года ўлады Нямеччыны спадзяюцца павялічыць іх колькасць да 500 чалавек.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Нямеччыны паведаміў, што нямецкія жаўнеры ўжо пачалі першыя трэніроўкі і вучэнні на месцах, якія ў найбліжэйшыя месяцы будуць яшчэ больш актывізаваныя.
У лютым 2026 года шматнацыянальныя сілы NATO ў Літве будуць падпарадкаваныя 45-й танкавай брыгадзе, у выніку чаго колькасць падраздзялення павялічыцца да 1800 чалавек. Да лета 2026 года Нямеччына плануе размясціць на месцах блізу 2000 жаўнераў.
Аднак ці зможа Берлін размясціць паўнавартасную брыгаду да канца 2027 года, збольшага залежыць ад таго, наколькі хутка літоўскія ўлады змогуць пашырыць інфраструктуру і размяшчэнне дадатковых 3000 жаўнераў, неабходных для дасягнення гэтай мэты.
Літва павялічвае выдаткі на абарону да 5,25% ВУП, каб умацаваць уласнае войска, а таксама размясціць нямецкую брыгаду. Балтыйская краіна ацэньвае, што можа выдаткаваць амаль 1 млрд еўраў на стварэнне вайсковай і навучальнай інфраструктуры для нямецкіх войск.
Яшчэ адной перашкодай з'яўляецца барацьба Нямеччыны за прыцягненне большай колькасці моладзі на вайсковую службу. Берлін нядаўна прыняў закон аб паляпшэнні аплаты і ўмоў працы для жаўнераў, якія знаходзяцца за мяжой, у тым ліку ў Літве.
Летась кампанія Rheinmetall падпісала пагадненне з літоўскім урадам аб будаўніцтве завода па вытворчасці боепрыпасаў у Літве, які, як чакаецца, будзе выпускаць дзясяткі тысяч артылерыйскіх набояў на год і створыць не менш як 150 новых працоўных месцаў.
Нямецкі вытворца зброі цяпер вядзе перамовы з суседняй Латвіяй аб стварэнні ўнутранай абароннай вытворчасці.