Сікорскі: Анархіі ў Балтыйскім моры павінен быць пакладзены канец
1- 22.05.2025, 10:48
- 4,314

Польшча рыхтуе захады для прадухілення расейскіх правакацый.
Анархіі ў Балтыйскім моры павінен быць пакладзены канец, - так кіраўнік польскага МЗС пракаментаваў чарговы інцыдэнт у Балтыйскім моры з удзелам караблёў так званага расейскага ценявога флоту, паведамляе «Польское радио».
Сёння стала вядома, што адно з такіх суднаў праводзіла падазроныя манеўры паблізу сілавога кабелю, які злучае Польшчу са Швэцыяй. Міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі адзначыў, што такія выпадкі сталі больш частымі.
«Балтыйскае мора цяпер з'яўляецца самым небяспечным морам у свеце. Нават калі выказаць здагадку, што выпадкі абрыву кабеляў былі выпадковасцю, такіх выпадковасцяў усё адно шмат. І ліквідацыя іх наступстваў будзе вельмі дарагой. І вінаватыя ў гэтым - капітаны, суднаўладальнікі і краіны, пад сцягамі якіх ходзяць гэтыя судны, - павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. З гэтым трэба разабрацца», - падкрэсліў кіраўнік польскага МЗС.
Нагадаем, з ліпеня Польшча будзе старшыняваць у Радзе дзяржаў Балтыйскага мора. Міністр Радослаў Сікорскі заявіў, што прапануе спосабы ўрэгулявання інцыдэнтаў у яго акваторыі.