11 чэрвеня 2025, Серада, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Портнікаў: Час выходзіць з пасткі Трампа

11
Віталь Портнікаў: Час выходзіць з пасткі Трампа
Віталь Портнікаў

Трэба абмяркоўваць не перамовы, а вайсковую дапамогу Украіне.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі ў Белым доме заявіў, што мае ўласную «чырвоную лінію», скрыжаванне якой прымусіць яго выйсці з перамоў аб заканчэнні вайны ва Украіне.

Пра што гаворка? Калі кіраўнік Белага дома надумае выйсці з перамоў? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам і публіцыстам Віталём Портнікавым:

- Па-першае, прэзідэнт Злучаных Штатаў належыць да такога тыпу палітычных дзеячаў, якія самі вельмі часта не ведаюць, пра што ідзе гаворка, калі абмяркоўваюць тыя ці іншыя дэталі. Калі Трамп выйдзе з перамоў - я вам сказаць не магу. Шчыра кажучы, я не вельмі разумею, чаму мы задаём усе гэтыя пытанні. Калі мы абмяркоўваем пытанне аб выхадзе або нявыхадзе Трампа з перамоў, мы трапляем у пастку, створаную самім жа Трампам. Як быццам самі перамовы маюць хоць нейкае значэнне. Час выходзіць з гэтай пасткі.

Хацеў бы нагадаць, што пакуль Трамп не стаў прэзідэнтам Злучаных Штатаў, не было ніякіх перамоў. Яго папярэднік, прэзідэнт Джо Байдэн, не праводзіў перамоў з Пуціным, разумеючы бесперспектыўнасць такіх стасункаў. Пра тое, што з кіраўніком РФ можна дамовіцца аб спыненні агню і вайны, заявіў менавіта Трамп, перапыніўшы дзеля гэтага дыпламатычную ізаляцыю Пуціна. І ўжо тады было зразумела, што ягоныя заявы не маюць нічога агульнага з рэальнасцю.

Сам перамоўны працэс - гэта імітацыя, выдумка Дональда Трампа, заснаваная на яго некампетэнтнасці, непрафесіяналізме і жаданні знайсці нейкае «дзелавое ўзаемаразуменне» з Пуціным. Гэтае імкненне грунтуецца на абсалютна памылковых высновах наконт патэнцыялу расейскай эканомікі.

Нас павінны цікавіць не перамовы, якіх не было, няма і, магчыма, не будзе, а тое, наколькі ЗША гатовыя дапамагаць Украіне і ўводзіць новыя санкцыі супраць Расеі.

Прычым, новыя санкцыі - гэта таксама ў пэўнай меры ілюзія. Ні ў ЗША, ні ў Еўразвязу няма выключных інструментаў, якія б прымусілі Пуціна спыніць вайну. Калі б яны існавалі, імі скарысталіся б яшчэ да Трампа, і вайна была б ужо скончаная.

У сучасным свеце, дзе эканоміка краін Захаду канкуруе з Глабальным Поўднем, ЗША страцілі магчымасць выключнага эканамічнага націску. У іх няма рэальных рычагоў спыніць вайну санкцыямі. Не было іх у Байдэна, няма і ў Трампа.

Галоўнае - вайсковая і фінансавая дапамога Украіне. Ці будуць ЗША гатовыя надаваць еўрапейскім краінам магчымасці для закупу ўзбраенняў, калі самі перастануць іх пастаўляць? Ці стануць еўрапейскія краіны ў даляглядзе галоўным пастаўшчыком зброі для Украіны замест ЗША? Менавіта гэта ключавое пытанне найбліжэйшых гадоў. Усё астатняе не мае значэння. Усё астатняе - імітацыя працэсу.

- Увосень у Беларусі пройдуць вучэнні «Захад-2025». У Польшчы і краінах Балтыі адкрыта гавораць аб магчымай небяспецы гэтых манеўраў, бо з такіх вучэнняў пачаўся поўнамаштабны наступ на Украіну. Ці ёсць небяспека для краін, якія мяжуюць з Беларуссю?

- Нічога не адбываецца аднолькава. Правядзенне вучэнняў у Беларусі не азначае, што Расея і Беларусь будуць рыхтавацца да ўварвання ў адну з краін NATO. Мы не бачым зараз рэальных рэсурсаў у Расеі для вайны на некалькіх франтах. Калі ўкраінскае войска, узброенае заходняй зброяй старога ўзору, стрымлівае расейскае войска больш за тры гады, то незразумела, якімі рэсурсамі Расея можа весці паспяховую вайну супраць краін NATO.

Я не выключаю, што ў будучыні, у перыяд прэзідэнцтва Трампа, Масква паспрабуе праверыць адзінства NATO - магчыма, з дапамогай правакацыі супраць краін, якія мяжуюць з РФ, такіх як Латвія, Літва, Эстонія, Польшча. Аднак імавернасць такога сцэнару ў найбліжэйшыя месяцы невялікая - на фоне актыўных баёў ва Украіне і захавання адзінства Захаду.

- Ці магчымы нейкі гібрыдны сцэнар. Напрыклад, заход нейкіх «зялёных чалавечкаў» з тэрыторыі Беларусі ў латвійскі Даўгаўпілс?

- Так, такія сцэнары магчымыя. Пад прыкрыццём «абароны расейскамоўнага насельніцтва»: з Беларусі - у Даўгаўпілс, з Расеі - у Нарву, або для забеспячэння лагістыкі ў Калінінградскай вобласці. Аднак усё залежыць ад маштабаў і рызыкі. Сённяшняя сітуацыя расейскага войска - не найлепшая. Расея ўжо адчувае дэфіцыт рэсурсаў у Сірыі, Афрыцы, на Каўказе. Дзе ў яе магчымасці ладзіць правакацыі супраць краін NATO? Такая правакацыя можа скончыцца сур'ёзнай паразай для Расеі і мець далёкасяжныя наступствы.

- Як рэжым Лукашэнкі можа паўплываць на вайну ва Украіне?

- Рэжым Лукашэнкі ніяк не можа паўплываць на вайну ва Украіне. Ён не валодае суверэнітэтам, толькі сімвалічнай незалежнасцю. Беларусь як дзяржава зараз не можа ўплываць на аніводную падзею ў свеце. Магчыма, у будучыні суверэнітэт вернецца. Пакуль жа Беларусь можа існаваць у трох варыянтах: дзяржава, пазбаўленая суверэнітэту і якая падпарадкоўваецца палітычнаму і сілавому дыктату з Масквы; тэрыторыя, якая будзе далучаная да Расейскай Федэрацыі; суверэнізацыя Беларусі ў будучыні, але пакуль што да гэтай будучыні яшчэ трэба дажыць. У тым стане, у якім Беларусь знаходзіцца, гэта выбар паміж гэтымі двума сцэнарамі - суверэнітэтам і знікненнем. Яна ніяк не можа ні на што паўплываць.

Ці можа Беларусь стаць плацдармам для новага нападу на Украіну? Можа, калі будзе дастаткова вайсковай сілы. Ці мае да гэтага дачыненне Лукашэнка? Ніякага.

- У адным з нядаўніх інтэрв'ю вы казалі, што галоўная мара Пуціна сёння - аднаўленне СССР. А ці дастаткова сілы? Украіна надае супраціў, на Каўказе ёсць інтарэсы Турцыі, Арменія пачала ісці ў бок Еўропы, Кітай уважае Цэнтральную Азію за сваю вотчыну. Ці можа Расея павярнуць назад усе гэтыя цэнтрабежныя працэсы на тэрыторыі былога СССР?

- Усё залежыць ад ходу вайны ва Украіне. І гаворка ідзе не толькі аб тэрыторыях Украіны, якія Расеі можа захапіць. Гаворка ідзе аб пазбаўленні Украіны суверэнітэту, аб стварэнні ў будучыні нейкай канструкцыі «саюзнай дзяржавы» Расеі, Украіны і Беларусі. Безумоўна, гэта тая база, на якой можа быць заснаванае вяртанне Расеі да межаў Савецкага Саюза 1991 года.

Гэта тая база, на якой Савецкі Саюз і будаваўся. Якія рэспублікі былі заснавальнікамі СССР? Раея, Украіна, Беларусь, Закаўказская Федэратыўная Рэспубліка, у якой былі тады і Арменія, і Азербайджан, і Грузія. І зразумела, што ва ўмовах, калі ёсць кантроль над Украінай і Беларуссю, дзейнічаць на Каўказе куды лягчэй.

Што да Цэнтральнай Азіі, то, безумоўна, тут Расея вымушаная будзе дамаўляцца з Кітаем. Аднак тут магчымыя розныя гібрыдныя формы існавання.

Краіны Цэнтральнай Азіі зусім яшчэ не выйшлі з-пад уплыву Расеі. Дзейнічае формула, калі яны жадаюць добрых дачыненняў з Кітайскай Народнай Рэспублікай, яны павінны захоўваць добрыя дачыненні і з Масквой.

— Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, які нядрэнна ладзіць з Трампам, нядаўна падзяліўся дэталямі размовы з кіраўніком Белага дома. Ён пераконваў прэзідэнта ЗША ў тым, што Расея больш не звышдзяржава. Як Захаду перастаць баяцца Расеі, якая шмат у чым сёння ператварылася ў рэгіянальную дзяржаву?

- Я не думаю, што Захад баіцца Расеі. Хутчэй ён разлічвае на салідарную пазіцыю ЗША і Еўропы. Менавіта гэтай салідарнасці зараз бракуе - з прычыны выбару, зробленага Трампам. Але Расея застаецца ядзернай дзяржавай з вялікай тэрыторыяй і здольнасцю дэстабілізаваць абстаноўку на сваіх межах. Супрацьстаяць гэтаму можна толькі супольнымі намаганнямі, якія даюць эфект толькі ў доўгатэрміновай перспектыве.

Але калі галоўная краіна Захаду, цэнтр дэмакратычнага свету, гэтага не хоча, то, вядома, астатнім трэба яшчэ прадумаць тое, як яны будуць дзейнічаць у найбліжэйшай будучыні. Акрамя таго, у выпадку адсутнасці Злучаных Штатаў і ўзмацнення пазіцый Расеі ва Усходняй Еўропе, самі выбарцы ў еўрапейскіх краінах могуць дастаткова хутка пераарыентавацца на палітычныя сілы, якія прапануюць ім паразуменне з Расеяй як альтэрнатыву магчымай канфрантацыі. Гэта яшчэ адна небяспека, больш сур'ёзная за адсутнасць салідарнасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках