У Эстоніі стартуе планаванне будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі
8- 22.05.2025, 11:33
- 2,248

Пастанову прыняў кабінет міністраў краіны на выязным пасяджэнні ў Нарве.
Урад Эстоніі даў старт падрыхтоўцы дзяржаўнай спецыяльнай планіроўкі і стратэгічнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе для магчымага будаўніцтва атамнай электрастанцыі (АЭС) магутнасцю 600 мегаВат, паведамляе err.ee.
Такую пастанову кабмін прыняў у чацвер, 22 траўня, на сваім выязным пасяджэнні, якое прайшло ў Нарве.
З ініцыятывай выступіла кампанія Fermi Energia, падаўшы адпаведную заяўку 14 студзеня. Мэта праекта - вызначыць найлепшае месца для будаўніцтва і ацаніць магчымы ўплыў на навакольнае асяроддзе, эканоміку і мясцовае насельніцтва.
Запланаваная зона ахоплівае больш за 1200 квадратных кіламетраў - гэта тэрыторыі паветаў Ляэне-Вірумаа і Іда-Вірумаа, а таксама марская акваторыя ад затокі Кунда да Нарўскай затокі. Да працэсу планавання будуць прыцягнутыя мясцовыя жыхары, органы ўлады і розныя зацікаўленыя бакі.
Аднак рэальная пляцоўка для будаўніцтва будзе значна меншай - планіроўка ахоплівае вялікую тэрыторыю для ўсебаковай ацэнкі магчымых варыянтаў.
«Пачатак планіроўкі не азначае неадкладнага будаўніцтва АЭС. Мы спачатку старанна прааналізуем, дзе і на якіх умовах магчымае яе размяшчэнне», - падкрэсліў міністр эканомікі і прамысловасці Эркі Келда (Партыя рэформаў).
Пры станоўчым развіцці падзей першы рэактар станцыі можа быць уведзены ў эксплуатацыю не раней за 2035 год. Прадугледжваецца будаўніцтва двух рэактараў, а таксама спадарожнай інфраструктуры, уключаючы лінію электраперадачы напружаннем 330 кВ.
Паралельна з папярэднім выбарам месца будзе распрацоўвацца прававая база, звязаная з ядзернай бяспекай.
У Эстоніі стартуе планаванне будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі
Урад Эстоніі даў старт падрыхтоўцы дзяржаўнай спецыяльнай планіроўкі і стратэгічнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе для магчымага будаўніцтва атамнай электрастанцыі (АЭС).