Непаўналетняя школьніца памерла ў шпіталі ў Ельску
- 22.05.2025, 12:49
- 17,294

Ёй было 14 год.
У Ельскай цэнтральнай раённай лякарні памерла непаўналетняя дзяўчынка. Ёй было 14 гадоў, паведаміла газета райвыканкама «Народный голос» пасля таго, як інфармацыя пачала абмяркоўвацца ў сацсетках, піша «Флагшток».
Паводле афіцыйных звестак, у Ельскі РАУС 17 траўня паступіла паведамленне з ЦРБ аб смерці ў рэанімацыйным аддзяленні непаўналетняй. Следчы камітэт праводзіць праверку.
«Пасля правядзення працэсуальных дзеянняў і праверачных мерапрыемстваў па гэтым факце будзе дадзеная прававая ацэнка, у тым ліку і дзеянням асоб, якія надавалі медыцынскую дапамогу», – паведаміў начальнік Ельскага РАСК Аляксей Уласенка.
Канал «Караельск» у TikTok распавёў неафіцыйныя падрабязнасці. Паводле інфармацыі рэсурсу, у лякарню дзяўчынку прывёз бацька - у дзіцяці былі кашаль і хрыплыя гукі ў грудзях. Праз некалькі гадзін пасля шпіталізацыі доктарка паведаміла сям'і, што стан дзяўчынкі імкліва пагоршыўся: яна запала ў кому і была пераведзеная ў рэанімацыю.
Бацькі прыехалі ў шпіталь і цягам чатырох гадзін, да шасці вечара, чакалі прыбыцця рэанімацыйнай брыгады з Мазыра. Прыехалі двое медыкаў, якія ў выніку адмовіліся ад транспартавання праз цяжкі стан дзіцяці.
Потым была выкліканая брыгада з Гомеля, якая прыбыла толькі блізу 00:00. Праз некаторы час бацьку паведамілі аб смерці дачкі. У гэты момант лекарка, якая лячыла дзяўчынку, працягвае працаваць.
Канал выказвае спадзяванне, што трагедыя прыцягне ўвагу да недахопу профільных спецыялістаў у рэгіянальных медыцынскіх установах.
Відэа сабрала сотні каментароў, у некаторых з якіх карыстачы выказваюць сваё бачанне сітуацыі.
Як сцвярджае адзін з каментатараў, «усё адбылося праз лекарку, якая паставіла няправільную кропельніцу» – у дзіцяці была алергія на антыбіётык.
«Пра гэта лекарка проста мог не ведаць, а вокамгненная форма анафілактычнага шоку - гэта не нешта новае! Таму віны доктара тут няма», - адказалі карыстачу.
«Нармальныя дактары заўсёды робяць пробу на антыбіётык!» - запярэчыў іншы каментатар.
Іншыя карыстальнікі абурыліся тым, як доўга ехалі медыкі з суседняга горада: «Як можна чакаць брыгаду 4 гадзіны з Мазыра? Там ехаць 30 хвілін - гэта кажа аб некампетэнтнасці супрацоўнікаў».
У каментарах таксама згадваецца відэа бацькі дзіцяці, у якім ён расказвае пра тое, што адбылося. Але на яго старонцы гэтага відэа ўжо няма - імаверна, сілавікі прымусілі выдаліць ролік.