У цэнтр Масквы тэрмінова сагналі вайсковую тэхніку
16- 22.05.2025, 15:22
- 18,678

У сталіцы РФ паніка праз налёт больш чым 300 БПЛА за дзень.
Ля маскоўскага Крамля выставілі ўзмоцненыя пасты з вайсковай тэхнікай, абсталяванай сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы, на фоне масаваных нападаў украінскіх беспілотнікаў. У тым ліку машыны з РЭБ размясцілі на Вялікім каменным мосце, паведамляе «ВЧК-ОГПУ». Мабільны інтэрнэт у гэтым раёне адключылі. Напярэдадні такія ж машыны заўважылі на Вялікім Маскварэцкім мосце, распавялі відавочцы «Новой газете. Еўропа».
Крэмль з'яўляецца афіцыйнай рэзідэнцыяй прэзідэнта Расеі. Акрамя таго, там размешчаныя будынкі, якія выкарыстоўваюцца для правядзення розных афіцыйных мерапрыемстваў, у тым ліку ўзнагароджанняў удзельнікаў вайны з Украінай. УСУ аднавілі атакі на Маскву ў ноч на 21 траўня - пасля адмовы прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ад спынення агню. За апошні дзень над сталічным рэгіёнам быў збіты 61 беспілотнік, вынікае з паведамленняў мэра горада Сяргея Сабяніна, а ўсяго над тэрыторыяй Расеі - больш за 300, дало справаздачу Мінабароны.
Напады справакавалі калапс у маскоўскіх аэрапортах Унукаве, Дамадзедаве і Шарамеццеве. Сотні чалавек не могуць вылецець амаль дзень. Паводле інфармацыі транспартнай пракуратуры, у сувязі з абмежаваннямі праз план «Дыван» затрымліваюцца больш за 160 рэйсаў: 72 - у Шарамеццеве, 19 - ва Унукаве і 71 - у Дамадзедаве. Пры гэтым апошні аэрапорт з 14.00 чацвярга зноў перастаў прымаць і адпраўляць самалёты.
21 траўня цягам усяго дня ў Маскве і Падмаскоўі назіраліся збоі ў працы мабільнага інтэрнэту. Сувязь знікала таксама ва Уладзімірскай, Тульскай, Варонежскай і Ліпецкай абласцях, якія таксама трапілі пад атаку дронаў. У чацвер аб адключэнні мабільнага інтэрнэту паведаміў губернатар Арлоўскай вобласці.