Брытанскі палкоўнік: Зяленскі вывеў Пуціна на чыстую ваду
12- 22.05.2025, 16:54
- 27,700

Гаспадар Крамля патрапіў у пастку.
Расея ўсё яшчэ не гатовая дамаўляцца пра заканчэнне вайны і ўсяляк спрабуе выкруціцца з сітуацыі, у якой ужо дакладна загнаная ў тупік. Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю 24 Каналу выказаў палкоўнік брытанскага войска ў адстаўцы Філіп Інгрэм.
– Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не прыехаў на перамовы з Украінай у Стамбул, хоць сам прапанаваў іх. Чаму ён так баіцца асабіста сустрэцца з Уладзімерам Зяленскім?
– Я думаю, прэзідэнт Зяленскі вывеў Пуціна на чыстую ваду. Пуцін выклікаў яго на сустрэчу, але не чакаў, што Зяленскі сапраўды прыедзе і прыкладзе да гэтага столькі намаганняў.
Пасланне Пуціна было для Дональда Трампа, а Зяленскі тактычна яго абхітрыў. Трамп сказаў, што Пуцін прыйдзе на сустрэчу толькі калі будзе ён сам. Аднак насамрэч гэта паставіла толькі Пуціна ў нязручнае становішча, а таксама каманду Трампа. Прэзідэнт ЗША пакуль не ведае, як з гэтым справіцца.
Я не думаю, што Пуцін увогуле збіраўся прыйсці на гэтую сустрэчу. Ён, відаць, і не чакаў, што сапраўды адбудзецца тое, што ён прапанаваў.
Ён зрабіў гэта паспешна – адразу пасля сустрэчы Трампа з прэзідэнтам Зяленскім у Ватыкане, а таксама візітаў Дональда Туска, Эманюэля Макрона, Кіра Стармера і новага канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мерца ў Кіеў, усёй «Кааліцыі ахвотных», а потым званка Трампа са спробай дамагчыся перамір'я на 30 дзён.
Потым была прэс-канферэнцыя Пуціна, на якую ён сам спазніўся амаль на дзве гадзіны. Думаю, гэта была імпульсіўная рэакцыя, бо ён проста не хацеў ісці на сустрэчу.
– Вы згадалі начную прэс-канферэнцыю Пуціна пасля еўрапейскага ўльтыматуму аб 30-дзённым перамір'і ва Украіне. Ці не падаецца вам, што Пуцін апынуўся ў пастцы, створанай еўрапейскімі лідарамі і Зяленскім, і не ведаў, што рабіць далей?
– У гэтую пастку трапілі два чалавекі. Галоўны з іх – прэзідэнт Пуцін. Трэба быць асцярожнымі. У ангельскай мове ёсць прымаўка: «Загнаны ў кут пацук небяспечны». Таму за сітуацыяй трэба пільна сачыць.
Другі чалавек, якога таксама загналі ў кут, гэта Трамп, бо ягоная пазіцыя датычна таго, каго ён падтрымае, была непрадказальная. Мы памятаем шакавальны інцыдэнт у Авальным кабінеце, калі віцэ-прэзідэнт Амерыкі Джэй Ды Вэнс раптоўна атакаваў прэзідэнта Зяленскага, а Трамп падтрымаў гэтую атаку.
Аднак потым было прымірэнне на пахаванні папы ў Ватыкане, знакавае фота Трампа і Зяленскага, якія сядзяць, схіляючыся адзін да аднаго ў дыялогу. Здавалася, гэта змяніла меркаванне Трампа, але гэтага было недастаткова.
І тут на дапамогу прыйшлі візіты еўрапейскіх лідараў, віртуальная сустрэча «Кааліцыі ахвотных» і тэлефонны званок Трампу. Усё гэта загнала Трампа ў кут, у той час як дзеянні Пуціна толькі ставяць Трампа ў няёмкае становішча, і ён, здаецца, не ведае, што рабіць далей.