4 чэрвеня 2025, Серада, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія сенатары далі Пуціну «некалькі дзён» на пастанову датычна Украіны

11
Амерыканскія сенатары далі Пуціну «некалькі дзён» на пастанову датычна Украіны

Кангрэсмэны прыгразілі выразаць Расею з сусветнага гандлю.

Законапраект ЗША аб «зруйнавальных» санкцыях супраць Расеі пойдзе ў ход, калі ў найбліжэйшы час Крэмль не пачне «добрасумленныя» перамовы пра трывалы мір з Украінай, заявілі аўтары дакумента сенатары Ліндсі Грэм (рэспубліканец, Паўднёвая Караліна) і Рычард Блюменталь (дэмакрат, Канэктыкут). Яны спаслаліся на словы дзяржсакратара Марка Рубіа 20 траўня пра тое, што Расея пагадзілася цягам некалькіх дзён падаць свае ўмовы спынення агню. «Іх змест будзе красамоўна сведчыць, наколькі яна сур'ёзная ў сваіх намерах дамагчыся міру. Мы падазраём, што ўсё будзе па-ранейшаму. Калі так, Расея можа чакаць катэгарычных дзеянняў з боку Сената ЗША», – гаворыцца ў заяве кангрэсмэнаў.

Грэм і Блюменталь адзначылі, што іх законапраект падтрымалі ўжо больш як 80 са 100 сенатараў ад абедзвюх партый. Паводле іхніх словаў, чальцы верхняй палаты Кангрэса ўсё мацней пераконваюцца ў тым, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін «гуляе ў гульні» і не імкнецца да заканчэння вайны. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне 500-адсоткавых мытаў для краінаў-пакупніцаў нафты, газу і ўрану з Расеі, а таксама санкцыі супраць яе фінансавага сектару. «Наш закон ізалюе Расею, змясціўшы яе на гандлёвую выспу, і накладзе жорсткія мыты на іншыя краіны, якія падтрымліваюць яе зверствы. Адным з галоўных прыярытэтаў закону з'яўляецца змушэнне Кітая да адказнасці за падтрымку ваеннай машыны Пуціна шляхам набыцця таннай расейскай нафты ў ценевага флоту», – адзначылі сенатары, дадаўшы, што без гэтага эканамічнага супрацоўніцтва Крэмль не змог бы прадаўжаць вайну.

Падчас апошняй двухгадзіннай тэлефоннай гутаркі з Пуціным 19 траўня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не змог пераканаць яго спыніць агонь ва Украіне. Пасля званка ён заявіў, што Масква і Кіеў «неадкладна пачнуць перамовы», нібы забыўшыся, што сустрэча дэлегацый абедзвюх краінаў ужо адбылася 16 траўня ў Стамбуле і скончылася нічым. Ён таксама дадаў, што ЗША больш не будуць выконваць «ролю рэферы», і адмовіўся ўводзіць санкцыі супраць Расеі, на што спадзяваліся Украіна і яе еўрапейскія хаўруснікі. Трамп растлумачыў гэта нежаданнем «зрабіць горш», адзначыўшы, што ён усё яшчэ бачыць шанец на прагрэс у пытанні спынення вайны.

Непублічна прэзідэнт ЗША паведаміў еўрапейскім лідарам пра намер выйсці з мірнага працэсу датычна Украіны і даць Маскве і Кіеву дамаўляцца пра ўсё непасрэдна самастойна, адзначалі крыніцы Financial Times. Адначасова Трамп заявіў, што не можа абяцаць, што ўзмоцніць ціск на Пуціна, каб пасадзіць таго за стол перамоваў. Пасля гэтага Вялікая Брытанія і краіны ЕЗ пашырылі санкцыі супраць Расеі.

Пагутарыўшы з Трампам, Пуцін заявіў пра гатоўнасць працаваць з Украінай над мемарандумам аб мірнай дамове, у якім будуць указаныя прынцыпы ўрэгулявання, часовыя рамкі заключэння пагаднення, а таксама ўмовы спынення агню. У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Кіеў будзе чакаць расейскі варыянт мемарандуму. Пры гэтым у Крамлі падкрэслілі, што тэрмінаў у падрыхтоўцы дакумента «няма і быць не можа».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках