4 чэрвеня 2025, Серада, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін узнагародзіў Лаўрова найвышэйшым ордэнам РФ пасля развалу стасункаў з паловай свету

19
Пуцін узнагародзіў Лаўрова найвышэйшым ордэнам РФ пасля развалу стасункаў з паловай свету

Кіраўнік МЗС РФ стаў ізгоем сусветнай дыпламатыі.

Дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін узнагародзіў кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага – найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай, якая была заснаваная імператарам Пятром I, а потым адноўленая ў 1998 годзе, паведамляе The Moscow Times.

«Талент, веды, досвед, інтэлект галоўнага дыпламата Расеі Сяргея Віктаравіча Лаўрова прынеслі яму безумоўную павагу і ў нашай краіне, і ва ўсім свеце», – сказаў Пуцін, уручаючы Лаўрову ордэн, кавалерамі якога за апошнія тры дзесяцігоддзі сталі ўсяго 28 чалавек.

На пасадзе галоўнага дыпламата краіны Лаўроў правёў «каласальную ў аб'ёме і складанасці» працу «на карысць Айчыны», сказаў Пуцін пасля таго, як дыпламатычныя сувязі Расеі з ключавымі краінамі свету былі разбураныя, а колькасць высланых з-за мяжы расейскіх дыпламатаў паставіла рэкорд з Халоднай вайны.

Цяпер, нагадаем, Расея ўважае за «несяброўскія» краіны, якія прадстаўляюць сумарна палову сусветнай эканомікі: сярод іх ЗША (ВУП $28 трлн), дзяржавы Еўразвязу (ВУП $29 трлн), Вялікая Брытанія (ВУП $3,4 трлн) і Японія ($4,2 трлн). А ў колькасці ўведзеных санкцый з'яўляецца сусветнай рэкардсмэнкай наперадзе Ірана і КНДР – больш за 17 тысячаў на пачатак 2025 года. «Цяпер упершыню, ну ва ўсякім разе гадоў за 150, мы ў адзіноце», – скардзіўся на адсутнасць у Расеі рэальных хаўруснікаў у 2023 годзе намеснік старшыні Рады бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў.

Сам Лаўроў, супрацоўнік МЗС з 50-гадовым стажам, у мінулым сталы прадстаўнік Расеі ў Радзе Бяспекі ААН, стаў ізгоем сусветнай дыпламатыі пасля пачатку вайны ва Украіне, а кола ягоных кантактаў сціснулася да нешматлікіх «сяброўскіх» краінаў і дыктатураў трэцяга свету. У ліку апошніх сустрэчаў Лаўрова, паводле звестак на сайце МЗС РФ, – міністр замежных справаў Эфіопіі Гідэон Ціматэас, кіраўнік МЗС Кубы Бруна Радрыгес, прэм'ер Лаоса Сонексай Сіпхандон, кіраўнік МЗС Венесуэлы Іван Хіль Пінта, міністр замежных справаў Нігера Яу Санвірэ, а таксама міністр замежных справаў Нігера Яу Сангарэ.

Той, хто сцвярджаў, што «ізаляваць Расею немагчыма», – Лаўроў калясіць па Афрыцы, таму што больш яму ехаць няма куды, мяркуе Фёдар Лук'янаў, кіраўнік Рады знешняй і абароннай палітыкі. «Куды яшчэ яму ляцець? – задаецца пытаннем Лук'янаў. – Раней ён увесь час быў у Еўропе, наведваючы розныя канферэнцыі. Цяпер з гэтым скончана» (цытата паводле Bloomberg).

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках