У швэйцарскай вёсцы ўстанавілі самую высокую ў свеце 3D-друкаваную вежу
3- 22.05.2025, 20:18
- 5,206

Як яна выглядае?
У горнай вёсцы ў Швэйцарыі ўстанавілі самую высокую ў свеце 3D-друкаваную вежу вышынёй 30 метраў, сцвярджае каманда праекту. Праз пяць гадоў знаходжання ў Муленсі яе плануюць дэмантаваць і сабраць нанова ў іншым месцы. Пра гэта піша Dezeen.
Tor Alva, ці Белая Вежа, узведзеная на аснове будынка, які раней выкарыстоўваўся як гамарня. Збудаванне стылізаванае пад шматслойны торт – гэта даніна гісторыі кандытараў рэгіёну. Акрамя гэтага будынак зроблены з бетонных элементаў, надрукаваных на 3D-друкарцы, якія адначасова з'яўляюцца апорнымі канструкцыямі.
Праект рэалізаваў культурны фонд Nova Fundaziun Origen у супрацоўніцтве з прафесарамі Цюрыхскага федэральнага тэхналагічнага інстытута (ETH Zurich).

Над распрацоўкай вежы працавалі архітэктар Міхаэль Гансмаер і прафесары ETH Zurich – Вальтэр Каўфман, Роберт Флат і Бенджамін Дыленбургер – разам з кампаніяй Mesh і будаўнічай фірмай Zindel United.
Сам друк доўжыўся пяць месяцаў на кампусе ETH Hönggerberg, пасля чаго элементы транспартавалі на месца ўстаноўкі. У працы былі задзейнічаныя робаты, якія выкарыстоўвалі адытыўны метад вытворчасці: бетон наносілі пласт за пластом, а кожныя 20 см дадавалі сталёвыя кольцы для ўмацавання.


Tor Alva дэманструе, як лічбавыя будаўнічыя тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца для стварэння апорных канструкцый без апалубкі. Усе элементы злучаюцца без клею – з дапамогай здымных шрубаў і кабеляў, што дазваляе лёгка разабраць і сабраць вежу паўторна.

З 23 траўня вежу адкрыюць для штодзённых экскурсій, а пасля будуць выкарыстоўваць як прастору для выступаў – сцэна размешчаная ў купальным верхнім паверсе.