Італія падтрымлівае план ЕЗ у адмове ад расейскага газу
- 22.05.2025, 20:28
- 1,102

План адмовы ад паліва з РФ хочуць рэалізаваць да канца 2027 года.
Італія поўнасцю падтрымлівае намаганні Еўрапейскага Звязу ў спыненні імпарту расейскага газу. План адмовы ад паліва з РФ хочуць рэалізаваць да канца 2027 года.
Пра гэта заявіў міністр энэргетыкі Італіі Джыльберта Пікета-Фрацін, паведамляе Reuters.
«Італія цалкам падтрымлівае гэтыя намаганні», – сказаў Пікета-Фрацін.
Паводле ягоных словаў, Італія летась імпартавала невялікую колькасць расейскага газу, які ў асноўным экспартаваўся ў Аўстрыю. Цяпер краіна незалежная ад паставак газу з РФ.
Падчас візіту ў Вашынгтон у красавіку прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні абмеркавала з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам патэнцыйнае павелічэнне імпарту звадкаванага прыроднага газу ў Італію з ЗША. Міністр энэргетыкі Італіі заявіў, што любы такі набытак павінен грунтавацца на канкурэнтных коштах.
«Тое, што мы павялічылі магутнасці рэгазіфікацыі, азначае, што ёсць магчымасць набываць больш ЗПГ, калі ён будзе канкурэнтаздольным у параўнанні з газам, які паступае па трубаправодзе», – адзначыў Пікета-Фрацін.
У той самы час ён дадаў, што амерыканскі ЗПГ цяпер прапануецца з высокімі коштамі, калі ён трапляе ў Еўропу.